Вярхоўны прадстаўнік у пытаньнях агульнай зьнешняй палітыкі і палітыкі бясьпекі Эўразьвязу, Генэральны сакратар Рады Эўразьвязу Хавіер Саляна пачаў свае перамовы ў Менску.
Толькі што скончылася размова высокага эўрапейскага чыноўніка з прадстаўнікамі недзяржаўных грамадзкіх арганізацыяў. На сустрэчу запрошаныя Алег Гулак, Павал Данэйка, Жана Літвіна, Аляксандар Казулін, Аляксандар Мілінкевіч, Алена Танкачова і Аляксандар Ярашук.
Алег Гулак распавёў "Свабодзе", што гутарка была зьмястоўнай і цікавай. Спадар Саляна папрасіў кожнага выкласьці сваё бачаньне сытуацыі ў Беларусі. Алег Гулак сказаў, што пытаньне аб адмене санкцыяў у дачыненьні да высокапастаўленых беларускіх чыноўнікаў не абмяркоўвалася, але па агульнаму сэнсу размовы "я зразумеў, што Брусэль настроены на працяг дыялёгу". "Таму, як мне падаецца, казаць пра ўзнаўленьне санкцыяў не выпадае".
Папярэдне плянавалася, што Хавіер Саляна сустрэнецца і зь кіраўнікамі апазыцыйных палітычных партыяў. Аднак, як паведаміў Свабодзе Анатоль Лябедзька дагэтуль ні яму асабіста, ні яго партнэрам па АДС запрашэньне не паступала.
На сёньня запланаваная таксама сустрэча кіраўніка Беларусі Аляксандра Лукашэнкі з генэральным сакратаром рады Эўразьвязу, вярхоўным прадстаўніком па агульнай зьнешняй палітыцы і палітыцы бясьпекі ЭЗ Хавіерам Салянай. Пра гэта паведамляе прэзыдэнцкая прэс-служба.
Падчас перамоваў будуць абмеркаваны цяперашні стан і пэрспэктывы супрацоўніцтва паміж Беларусьсю і Эўразьвязам.
Нагадаем, 24 верасьня 2008 года Хавіер Саляна, якія на той час знаходзіўся ў Нью-Ёрку на сэсіі Генэральнай асамблеі ААН, патэлефанаваў Аляксандру Лукашэнку. Паводле прэзыдэнцкай прэс-службы бакі заявілі пра адкрыцьцё “новай старонкі” ў дачыненьнях паміж Беларусьсю і ЭЗ. Паводле прэс-сакратара спадара Саляны, галоўнай тэмай былі выбары ў Беларусі. ЭЗ хацеў нармалізаваць стасункі зь Беларусьсю, але ўсё будзе залежаць ад парлямэнцкіх выбараў 28 верасьня.
13 кастрычніка 2008 года ў Люксэмбургу адбылася сустрэча міністра замежных спраў Беларусі Сяргея Мартынава і Хавіера Саляны. С.Мартынаў заявіў, што Беларусь “зацікаўленая ў вельмі прадуктыўных і зьмястоўных стасунках з ЭЗ”.