18 лютага Франка Вячорку накіравалі на абсьледаваньне ў Вайсковы шпіталь у Менску.
“Пасьля фізычных практыкаваньняў у мяне ўзьніклі праблемы зь ціскам. Цяпер ціск 160 на 100, пры нагрузках дасягае 180 і 200... Сёньня мяне абсьледуюць у Менску і альбо пакінуць там, альбо накіруюць у вайсковы шпіталь у Бабруйск”,-- патлумачыў “Свабодзе” Франак.
Праблемы зь ціскам у яго назіраюцца апошнія тры гады, цягам году ён знаходзіўся на мэдыцынскім уліку. Нягледзячы на гэта Франка гвалтам прызвалі ў войска. Ён служыць у Мазыры ў войсках супрацьпаветранай абароны.
А.Лукашэнка ўчора патлумачыў сваю пазыцыю на гэты конт: няхай апазыцыянэры паслужаць, я служыў і мае сыны служылі.
Раней шпіталізавалі яшчэ аднаго палітычнага прызыўніка Зьмітра Хведарука.