Зьмітра Хведарука, прымусова прызванага ў войска, зь ягонага патрабаваньня пераводзяць са шпіталя ў Барысаве ў рэспубліканскі ваенны шпіталь у Менску.
Пра гэта “Свабодзе” сёньня паведаміла кіраўнік юрыдычнага аддзелу незарэгістраванай у Беларусі арганізацыі "Малады Фронт" Наста Лойка:
“Зьміцер перадаў праз сваю маці, што яго зьбіраюцца перавезьці ў Менск заўтра. Тут яшчэ зробяць аналізы, таму дакладную дату правядзеньня апэрацыі пакуль назваць цяжка”.
Раней Зьмітра абсьледавалі ў шпіталі ў Барысаве. Маладому чалавеку паставілі дыягназ "варыкознае расшырэньне вен" і сказалі, што патрэбна апэрацыя. .
Раней Зьмітра Хведарука гвалтоўна затрымалі дома і адвезьлі ў ваенкамат. Там хлопец паведаміў, што вучыцца ў багаслоўскім каледжы і, што ў справе ёсьць на гэты конт даведка. Але яго не адпусьцілі, а адвезьлі ў міліцыю, а адтуль у турму. Хведаруку паведамілі, што ён мусіць адседзець 10 сутак арышту за ўдзел у леташняй акцыі 1 траўня. Праз двое сутак Зьмітра адвезьлі ў вайсковую частку ў Жодзіна. 7 лютага ён прыняў прысягу.