Новая перадача сэрыі “Вольная студыя”. Эфір 15 лютага.
На мінулым тыдні ў Менску праходзіў XVI Міжнародны кніжны кірмаш, на які былі запрошаныя дзясяткі выдавецтваў з Расеі, Казахстану, Украіны, Туркмэністану ды іншых краінаў сьвету. Прадставілі сваю прадукцыю і айчынныя кнігавыдаўцы, якія прэзэнтавалі пераважна дзяржаўны сэктар. А вось некаторыя незалежныя кнігавыдавецкія праекты на кірмаш ня трапілі. Нашым госьцем – каардынатар сэрыі “Гарадзенская бібліятэка” Павал Мажэйка.
Міхась Скобла: “Павал, вы адмыслова прыехалі ў Менск дзеля ўдзелу ў кніжным кірмашы. Якія маеце ўражаньні?”
Павал Мажэйка: “Гэта першая спроба “Гарадзенскай бібліятэкі” ўдзельнічаць у менскім кніжным кірмашы. Праўда, пакуль што не самастойна, а з дапамогай нашых польскіх партнэраў – Калегіюму Эўропы Ўсходняй імя Яна Новака-Езёраньскага. Уражаньні ад кніжнага кірмашу – хутчэй мяшаныя. З аднаго боку, можна адзначыць пэўную ягоную дэмакратычнасьць, паколькі я сёньня бачыў, як падпісвае свае кнігі Сьвятлана Алексіевіч, якая не заўсёды знаходзіцца ў пашане ў беларускай улады. У той жа час мы спрабавалі наладзіць прэзэнтацыю нашай новай кнігі “Зрабаваны народ: размовы з беларускімі інтэлектуаламі”, і ў прыватнай размове арганізатары кірмашу, спаслаўшыся на Міністэрства інфармацыі, заявілі, што гэтая прэзэнтацыя не адбудзецца, яны ня ўнесьлі яе ў плян, паколькі, “кніга мае антыдзяржаўны зьмест”.
Скобла: “Што ў гэтай кнізе напалохала чыноўнікаў?”
Мажэйка: “Кніга складаецца з інтэрвію двух маладых польскіх журналістаў – Малгажаты Ноцунь і Анджэя Бжэзецкага – з нашымі інтэлектуаламі, сярод якіх Уладзімер Арлоў, Лявон Баршчэўскі, Валянцін Тарас, Пётар Марцаў, Алег Манаеў. Там ёсьць нават Павал Якубовіч, тым больш дзіўна, што кніга мае “антыдзяржаўны зьмест”. Для нас яна важная тым, што гэта погляд збоку на беларускія праблемы, погляд людзей, якія ведаюць ня толькі, ўмоўна кажучы, пра Чарнобыль, Лукашэнку ці Мілінкевіча, а дастаткова добра разьбіраюцца ў беларускай сытуацыі. Польскія журналісты задавалі пытаньні, якія нам, беларусам, могуць падацца банальнымі, але праз гэтыя пытаньні ўдалося раскрыць сутнасьць Беларусі сёньняшняй і Беларусі будучай”.
Скобла: “Вы самі ідзяце да чытача, вы прэзэнтуеце свае кнігі ў рэгіёнах Беларусі. Прыкладам, прэзэнтацыя кнігі Дануты Бічэль “Хадзі на мой голас” адбылася ў вёсцы Біскупцы на Лідчыне і ў Зэльве. Ці будзеце вы працягваць гэтую практыку і надалей?”
Мажэйка: “На нашым рахунку ўжо больш за 40 такіх рэгіянальных прэзэнтацый. Мы праводзім іх у вёсках і мястэчках, мы шукаем новы спосаб працы, кантакту з чытачом, з людзьмі, якія тэарэтычна схільныя да дэмакратычных поглядаў, альбо ўжо іх маюць. Мы заўжды гатовыя ехаць у рэгіёны, і, дзякуй Богу, аўтары нашых кніг таксама прытрымліваюцца такой пазыцыі. Сама сэрыя “Гарадзенская бібліятэка” паўстала як брэнд руху “За Свабоду”. Калі мы задумаліся над тым, што ёсьць місіяй нашай дзейнасьці, то зразумелі адно: вельмі лёгка быць сёньня беларусам у дзесяцімільённай краіне, калі ня мець адказнасьці ні за што. З другога боку, вельмі складана быць гарадзенцам у той час, калі руйнуюць твой горад, зьнішчаюць гістарычную спадчыну, зводзяць яе ў нябыт. І трэба выступаць супраць гэтага, разумеючы, што “чысьціня”, якая нібыта зьяўляецца ў горадзе ў выніку руйнаваньняў, – гэта зусім ня тое, што варта пакідаць нашым нашчадкам. Таму і паўстала “Гарадзенская бібліятэка”, пераважна дзеля таго, каб быць нейкім своеасаблівым мастом паміж мінуўшчынай і будучыняй”.
Скобла: “Апрача ўжо згаданых кніг “Зрабаваны народ” і “Хадзі на мой голас”, у вашай сэрыі выйшлі яшчэ тры: “Магдэбургская Гародня” Юр’я Гардзеева, “Небыцьця не існуе: невядомыя старонкі беларускага нацыянальнага руху” Пётры Сеўрука і “Разьвітаньне з ілюзіямі” Аляксея Карпюка. А што плянуецца да выданьня?”
Мажэйка: “Неўзабаве выйдзе падручнік па гісторыі Горадні, падрыхтаваны групай гарадзенскіх гісторыкаў. Ён будзе багата ілюстраваны, на якаснай паперы. Таксама сёлета выйдзе з друку кніга доктара гісторыі Алеся Краўцэвіча “Рыцары і дойліды Гародні” з выдатнымі ілюстрацыямі Паўла Татарнікава. А ў самы найбліжэйшы час пабачыць сьвет кніга Сяргея Шапрана “Васіль Быкаў. Гісторыя жыцьця ў дакумэнтах, публікацыях, успамінах, лістах”. Гэта наш супольны праект са Згуртаваньнем беларусаў сьвету “Бацькаўшчына”, і мы палічылі за вялікі гонар ў ім удзельнічаць, таму што Быкаў – гарадзенец. А ў больш далёкай пэрспэктыве мы хочам заснаваць падсэрыю сучаснай гарадзенскай прозы, раскруціць імёны сучасных маладых і сталых аўтараў, якія на сёньняшні дзень ня маюць магчымасьці друкавацца”.
Скобла: “У наступным годзе будзе адзначацца стагодзьдзе Ларысы Геніюш, жыцьцё якой непарыўна зьвязанае з Гарадзеншчынай. Ці плянуеце выданьне яе кніг у “Гарадзенскай бібліятэцы”?”
Мажэйка: “Абавязкова. Думаю, што насьпела пара выдаць збор твораў Геніюш”.
Скобла: “Павал, пра кнігі з “Гарадзенскай бібліятэкі” мы неаднаразова расказвалі на нашым радыё, у перадачы “Дом літаратара”. І пасьля мне даводзілася чуць папрокі на адрас Аляксандра Мілінкевіча, які патрануе вашу сэрыю. Маўляў, калі Мілінкевіч – агульнанацыянальны лідэр, то мусіць патранаваць і ўсю беларускую літаратуру, а ня толькі зьвязаную з Горадняй ці Гарадзеншчынай. Што вы на гэта скажаце?”
Мажэйка: “Нам таксама даводзілася чуць падобныя папрокі. Але падкрэсьлю, што “Гарадзенская бібліятэка” – гэта ініцыятыва зьнізу. Група людзей сабралася ў Горадні і вырашыла, што будзе выдаваць кнігі, прычым будзе абапірацца на гарадзенскіх аўтараў, на гарадзенскую тэматыку. Мы хочам быць патрыётамі свайго краю, хіба гэта кепска? Што тычыцца патранату Аляксандра Мілінкевіча, то гэта, зноў жа, наша грамадзянская пазыцыя. Мы зьвязваем зь імем гэтага чалавека надзеі на дэмакратычныя зьмены ў краіне, і пакуль так будзе, імя Мілінкевіча будзе на ўсіх кнігах, якія мы выдаем”.
Скобла: “У нас ёсьць дзясяткі людзей, чый асноўны занятак – палітыка. Хай бы кожны зь іх патранаваў падобную кніжную сэрыю, арыентуючыся на свой рэгіён”.
Мажэйка: “Я б іначай трохі сфармуляваў. Хай бы ў розных рэгіёнах былі людзі, якія паставілі б сабе за мэту заснаваньне падобных сэрый і зьвярталіся б да палітыкаў па падтрымку маральную ці матэрыяльную. З гэтага, напэўна, быў бы плён. Бо калі ў Горадні не знайшлося б людзей, якія гатовыя цягнуць усю справу на сабе, то, напэўна, не паўстала б аніякай “Гарадзенскай бібліятэкі”. Аднаго жаданьня, ці, скажам так, дэклярацыі мала”.
Скобла: “На вашых кнігах месцам выданьня пазначаныя два гарады – Горадня і Ўроцлаў. Якім чынам у вашым праекце ўдзельнічае польскі Ўроцлаў?”
Мажэйка: “Мы ў Горадні шукаем цікавых аўтараў, цікавыя тэмы і прапаноўваем свае “знаходкі” партнэрам у Польшчы. У нашай сытуацыі гэта Калегіюм Эўропы Ўсходняй імя Яна Новака-Езёраньскага і ўрад Ўроцлава, які непасрэдна і выдае гэтыя кнігі. Наколькі я ведаю, грошы на выданьне пэўнай часткі нашай сэрыі Ўроцлаву выдавала Міністэрства замежных справаў Польшчы. З гэтай нагоды мы таксама, бывае, чуем папрокі. Але скажыце, што заганнае ў тым, што ў паважным эўрапейскім выдавецтве, з выдатнай эўрапейскай якасьцю выходзяць беларускія кнігі? Зноў жа, падобныя праекты паядноўваюць эўрапейскую Горадню з астатняй Эўропай. І для нас гэта не загана, а наадварот, вялікі плюс, вялікі посьпех, што ў Польшчы ёсьць цікавасьць да беларускай кнігі. І гэтая цікавасьць фармуецца якраз праз “Гарадзенскую бібліятэку”.
Скобла: “Павал, вы – таленавіты журналіст і грамадзкі дзеяч. У вас ёсьць свая ўатарская праграма на Белсаце. Чаму вы вырашылі заняцца яшчэ і кнігавыданьнем, так бы мовіць, папрацаваць яшчэ і пры вартштаце Скарыны?”
Мажэйка: “Прызнаюся, я – толькі адзін з удзельнікаў гэтага праекту. Мы хочам, па-першае, што называецца, пакінуць сьлед, а па-другое, паказаць рэгіянальным аўтарам, у нашым выпадку гарадзенскім, што неабавязкова жыць у Менску, у вялікіх гарадах дзеля таго, каб мець магчымасьць якасна выдаць сваю кнігу. Хацелася б, каб падобныя праекты ўзьніклі і ў другіх беларускіх гарадах. На жаль, у нашай краіне вельмі шмат “шляхты” і вельмі мала “мужыкоў”, якія б штодня, з ранку да вечара, займаліся гэтай нялёгкай працай. Чым мы адрозьніваемся ад іншых выдавецтваў? Мы выдаем тое, што хочам, што лічым патрэбным, а ня тое, на што выдаткоўваюцца пэўныя сродкі. Гэта для нас важна. Сёньня паўстае пытаньне аб нашай магчымай легалізацыі, заснаваньні гарадзенскага незалежнага выдавецтва. Але мы не хацелі б сутыкнуцца з сытуацыяй, калі нам давядзецца дзеля існаваньня выдавецтва выпускаць у сьвет кнігі, прыкладам, пра жывёлагадоўлю ці пра міліцыю. Мы перакананыя, што беларуская літаратура, беларускамоўныя кнігі павінны датавацца беларускай дзяржавай. Сёння гэтага, на жаль, не адбываецца”.