Пытаньні стварэньня Балта-Чарнаморскай эканамічнай прасторы абмеркавалі 14 лютага ў Вільні міністры замежных справаў Літвы, Беларусі і Ўкраіны, паведаміла прэс-служба ўкраінскага замежнапалітычнага ведамства.
Міністры заявілі пра неабходнасьць "удасканаленьня ўзаемадзеяньня трох краінаў па забесьпячэньні функцыянаваньня цягніка камбінаваных перавозак "Вікінг". Было падкрэсьлена, што рэалізацыя гэтага праэкту дасьць магчымасьць як удасканаліць транспартную сыстэму Балта-Чарнаморскай эканамічнай прасторы, гэтак і пашырыць геаграфію грузавых перавозак.
Міністар замежных спраў Украіны Уладзімір Агрызка заявіў пра гатоўнасьць сваёй краіны пастаўляць электраэнэргію ў Літву праз Беларусь, зазначыўшы, што рэалізацыя гэтага праекта ўжо знайшла падтрымку ў прэзыдэнтаў трох дзяржаў і прадугледжана Дарожнай мапай разьвіцьця стратэгічнага партнэрства паміж Украінай і Літоўскай Рэспублікай на 2009—2010 гады. З гэтай мэтай у Вільні прайшлі кансультацыі экспэртаў трох краінаў, падчас якіх абмяркоўваліся тэхнічныя і тэхналягічныя аспэкты рэалізацыі "гэтага ўзаемавыгаднага трохбаковага праекта".
Пагадненьне аб транзыце ўкраінскай электраэнэргіі ў Літву празь Беларусь можа быць падпісана ў траўні, паведаміў журналістам па выніках перамоў міністар замежных справаў Літвы Вігаўдас Ушацкас.
Кіраўнікі замежнапалітычных ведамстваў абмеркавалі таксама пытаньні практычнай рэалізацыі ініцыятывы "Усходняе партнэрства".
Падчас сустрэчы міністры наведалі Х Міжнародны Віленскі кніжны кірмаш, у якім бяруць удзел аўтары і выдаўцы з Беларусі і Украіны.