Як піша New York Times, вядомы амэрыканскі піяніст Марк Зэльцэр кажа, што патраціў на вызваленьне брата, амэрыканскага адваката і вязьня беларускай турмы Эмануіла Зэльцэра прыкладна 1 мільён даляраў.
Аднак, паводле самога Марка Зэльцэра, пра нейкія тэрміны вызваленьня Эмануіла, нягледзячы на ўмяшаньне ў справу высокіх амэрыканскіх чыноўнікаў, гаварыць немагчыма. Бо “сапраўдная падаплёка справы застаецца вельмі заблытанай, а таму прымушае журналістаў трымацца падалей ад гэтай гісторыі.”
New York Times нагадвае, што Эмануіл Зэльцэр быў арыштаваны ў Менску 11 месяцаў таму пры загадкавых абставінах. Гэта адбылося адразу пасьля прызямленьня самалёту (машына належала Барысу Беразоўскаму) у менскім аэрапорце. Беларускія ўлады абвінавацілі амэрыканскага адваката ў прамысловым шпіянажы ды падробцы дакумэнтаў, а потым судзілі яго ў закрытым судзе, нягледзячы на пратэсты амэрыканскіх дыпляматаў. Не засталіся пачутымі шматлікія заклікі высокіх чыноўнікаў ЗША адносна вызваленьня амэрыканскага грамадзяніна на гуманных асновах, улічваючы стан яго здароўя.
“Упершыню на маёй памяці замежнага грамадзяніна арыштавалі адразу пасьля прыезду, прычым ён быў затрыманы КДБ, і яго так доўга трымалі, ведаючы стан яго здароўя” , сказаў кіраўнік амбасады ЗША Джонатан Мур.
Дыплямат дадаў, што справа Зэльцэра выклікае адначасна і зьдзіўленьне і занепакоенасьць, бо беларускія афіцыйныя асобы “так і не далі тлумачэньня гэтаму арышту”
Як перакананы Марк Зэльцэр, за арыштам ягонага брата ў Менску стаіць ніхто іншы, як Беразоўскі. У інтэрвію амэрыканскім мэдыям вядомы піяніст пастаянна падкрэсьлівае: ягоны брат быў адзіным, хто трымаў тэстамэнт ды іншыя дакумэнты памерлага алігарха Бадры Патаркацышвілі. “Калі Эмануіл заявіў, што распарадчыкам спадчыны становіцца зводны кузэн алігарха Джозэф Кей, Беразоўскі вырашыў нэўтралізаваць Эмануіла, бо імкнуўся захапіць усе гэтыя мільярды”
У сваю чаргу дарадца Беразоўскага і вядомы лёнданскі піяршчык лорд Тымаці Бэл, называе падобную заяву поўнай “лухтой”. Як піша New York Times, лорд Бэл перакананы, Эмануіл Зэльцэр падрабіў усе гэтыя паперы. Бо Патаркацышвілі не адрозьніваўся ўзорным вядзеньнем юрыдычных папераў -- “грузіны звычайна нічога падобнага не складаюць”, а вырашаюць усё іншым чынам.
Тым часам грузінскія мэдыі паведамляюць пра суд, які гэтымі днямі праходзіць у Тбілісі і пазоўнікам якога зьяўляецца Джозэф Кей. У барацьбе за спадчыну Патаркацышвілі, Кей адкідае абвінавачаньні Беразоўскага і ўдавы алігарха Іны Гудавадзэ ў махлярстве і сам абвінавачвае абодвух у паклёпе. Кей настойвае на тым, што арыгіналы тэстамэнту ды іншых важных дакумэнтаў Патаркацышвілі існуюць і пра іх месца знаходжаньня ведае вязень беларускай турмы Эмануіл Зэльцэр.
На апошнім судовым паседжаньні, прысьвечаным разгляду дакумэнтаў, удава Патаркацышвілі, якая падобна Беразоўскаму ня мае ніякіх папераў на валоданьне актывамі мужа, зрабіла наступны запыт: чаму Кей прадставіў выключна копію тэстамэнту. На гэта адвакат Кея заявіла: “Джозэф Кей патрабаваў ад Зэльцэра перадаць арыгіналы. Той мусіў пакінуць дакумэнты ў лёнданскім гатэлі перад тым як ехаць у Менск. Кей сказаў яму не выяжджаць, не пакінуўшы папераў, Аднак Зэльцэр зьехаў. Джозэф Кей папрасіў аднаго з натарыюсаў, набліжаных да Зэльцэра, пайсьці да яго ў дом і знайсьці гэтыя дакумэнты, аднак натарыюс іх не знайшоў”, перадае грузінскае англамоўнае Interpressnews