Жытло ў Беларусі патаньнее

Аляксандар Селязьнёў<br />&nbsp;

&ldquo;Кошт новага жытла, якое будзе ўзводзіцца ў&nbsp;Беларусі, у&nbsp;сакавіку зьменшыцца на&nbsp;5-6%&rdquo;. Пра гэта сёньня заявіў міністар архітэктуры і&nbsp;будаўніцтва Аляксандар Селязьнёў.
Міністар патлумачыў, якім чынам жытло хочуць зрабіць таньнейшым:

“Прынятае ўжо рашэньне аб зьніжэньні на 10% цэнаў на цэмэнт і шчэбень. Гэта дае магчымасьць на 6-7% зьменшыць кошты жалезабэтону. Мы атрымалі рашэньне міністэрства прамысловасьці аб зьніжэньні на 15% асобных відаў арматуры. І мы зьменшылі на 5% цану шкла”.

Аднак пакуль многія скардзяцца на тое, што цэны новага жытла ня толькі не зьмяншаюцца, а наадварот, растуць. Прыкладам, знаёмая сям’я, якая будуецца праз ільготныя крэдыты, цьвердзіць: ім трэба дадаткова аплаціць яшчэ 20% кошту будоўлі.

Міністар Селязьнёў кажа, што такі выпадак — не адзінкавы:

“Вельмі многа скаргаў да мяне ў гэтай справе паступае. Ёсьць яны як абгрунтаваныя, так і неабгрунтаваныя. Сёньня кошт долевага жытла, найперш ільготных крэдытаў, мае права зьмяняцца толькі тады, калі мяняецца індэкс будмантажу. А яго вызначае ўрад.

І другі варыянт, калі ўносяцца зьмены ў дакумэнтацыю. Напрыклад, зьмянілася пляніроўка, ці вокны, ці дзьверы, ці ліфты, ці яшчэ нешта іншае. Гэта магло павялічыць кошты. Але толькі са згоды жыхароў“.

Кандыдат эканамічных навук, экспэрт у галіне нерухомасьці Ёсіф Цімкоўскі адзначае: сёньня міністар публічна прызнаў, што будаўнічая галіна “надзвычай залежыць” ад цэнаў на энэрганосьбіты. Тут вельмі энэргаёмістая вытворчасьць. Асабліва пры вырабе вапны, цэмэнту, шкла, кэрамзыту, цэглы… Энэргетычны складнік даходзіць аж да 50-60%.

Экспэрт заўважае:

“Рэзэрвы для зьніжэньня коштаў жытла існуюць, і яны аб’ектыўныя. Аб’ектыўныя таму, што ў насельніцтва Беларусі вельмі нізкія заробкі. Адзін квадратны мэтар жытла павінен каштаваць адпаведна сярэдняму заробку беларуса за месяц. А мы маем значную дыспрапорцыю”.