У Берасьці зьбіраюць подпісы супраць будаўніцтва помніка да 1000-годзьдзя гораду. Пратэст будзе адрасаваны Міністэрству культуры, Берасьцейскаму абласному і гарадзкому саветам дэпутатаў.
Яшчэ 12 студзеня Берасьцейскі абласны выканаўчы камітэт ухваліў канчатковы варыянт манумэнтальнай скульптуры ў гонар 1000-годзьдзя Берасьця. На помніку з граніту і бронзы будуць усталяваныя фігуры князёў Уладзімера Васільковіча, Вітаўта, Мікалая Радзівіла Чорнага, а таксама абаронцы Берасьцейскай крэпасьці Андрэя Кіжаватава, лётчыка Ўладзімера Карвата і пісьменьніка Ўладзімера Калесьніка.
Ушанаваць гэткім жа чынам вялікага князя літоўскага Ягайлу, які выдаў гораду прывілей на Магдэбурскае права, дазволіўшы тым самым гарадзкое самакіраваньне, цяперашнія ўлады адмовілі. Свой выбар чыноўнікі зрабілі без грамадзкага абмеркаваньня. Таму больш як 20 гісторыкаў, архітэктараў, літаратараў, прадстаўнікоў творчых саюзаў заявілі, што канцэпцыя помніка не адлюстроўвае цалкам гістарычны лёс Берасьця і таму прапанаванай канцэпцыі помніка трэба наладзіць шырокае абмеркаваньне. Да такой думкі схіляюцца сотні і сотні жыхароў Берасьця.