Пра маю сяброўку, альбо споведзь забойцы

Марыя Мартысевіч

maryjka_

У дзень, калі Пушкін страляўся з Дантэсам, я забіла каханьне.

Дакладней сказаць – я “убіла любовь”. Бо гэтая мова і гэты стыль як найлепей пасуюць сытуацыі. Мы грэемся ў недарагой кавярні ў самым цэнтры гораду, у якім Пушкін страляўся з Дантэсам, з-пад столі – куды ні сядзь – у вушы ліецца гучная папса. Мы знаёмыя з К. больш за два гады, але гэта нашая першая сустрэча пасьля таго, як у верасьні 2008-га яна прыехала на вучобу ў Расію.

Кароткая біяграфія:

Аўтарка блогу “Радыё Марыйка”. Абсалютнае зло беларускага інтэрнэту. Спэцыяліст па навігацыі качачак для ваннай. Вясельны кансультант.

За час вучобы К. навучылася харчавацца ў забягалаўках pelmyeni і bliny, запальваць spichki газавую калёнку на здымнай кватэры і перабягаць дарогу на чырвонае сьвятло, а то і проста пасярод хуткаснай шашы, кідаючыся пад колы машынаў. Яна так і не навучылася пераносіць рускую зіму – у Піцер яе зьбіралі ўсёй вуліцай заходненямецкага мястэчка, дзе жывуць яе бацькі: 80-гадовая суседка, муж якой быў у савецкім палоне, зьвязала ваўняныя шкарпэткі, а маці падарыла шапку-вушанку і дзьве салявыя грэлкі – тут яна носіць іх у кішэнях, запіхвае ў рукавіцы.

Яна вельмі мала прасунулася ў рускай мове, так што няясна, ад моўнага бар’еру ці ад самага крышталёвага ідэалізму, які я калі-кольвек сустракала ў жывой істоце, яна так і не навучылася даваць сабе рады з kulturniy shok. Мне падабаецца дражніць яе, нагадваючы, што адна нямецкая дзяўчына, якую ў праваслаўі ахрысьцілі Кацярынай, гэтаксама аднойчы пачала спасьцігаць Rusland. Адольваючы холад і kulturniy shok з дапамогай bliny i pelmyeni.

Навошта я пішу блог

Складваю ў блог свае тэксты, каб не згубіліся; баўлю час; трымаю інфармацыйную і эмацыйную сувязь зь сябрамі, калегамі і чытачамі; самавыражаюся.

Самыя частотныя яе словы ў нашай зь ёй цяперашняй ангельскай – why і unbelievable.

– Why тут паўсюль слухаюць няякасную музыку? Няўжо камусьці падабаецца гэтае disco? Unbelievable! – К. увесь час задае мне пытаньні, не падазраючы, наколькі яны вечныя і рытарычныя.

Каля Спаса-на-Крыві дарогу нам пераехаў бліскучы джып-лімузын. Сёньня пятніца.

– Why у Расіі ўсе езьдзяць жаніцца на лімузынах? – пытаецца яна.

Што я больш за ўсё люблю ў блогах

Іх гнуткасьць. Блог – зручны фармат для чаго заўгодна. Ён ня ёсьць электроннай копіяй чалавека, як памылкова думаюць нэафіты благасфэры, але яго зьмест залежыць ад канкрэтнай асобы ці супольнасьці.
Ну што тут адкажаш? Каб было што згадаць падчас разводу? Каб як ува ўсіх? Бо душа – руская, а птушка-тройка – несучасна? Я спрабую быць ляканічнай:

– Мода.
– Why? – удакладняе яна.
– Fuck! – думаю я; тычыцца гэта хутчэй лімузынаў.

Мы ўжо сядзім у недарагой кавярні, а думкі К. яшчэ недзе каля вясельнага картэжу. Як і варта было чакаць, у Расіі ў яе зьявілася сымпатыя.

– Марыя, just in case i’ll get married in Russia, – як выглядае звычайнае рускае вясельле?
– :))))!!!!!!!!

Што я больш за ўсё не люблю ў блогах

Рэклямы. Апошнім часам яе, нажаль, больш, чым жывых людзей.

І я з прыемнасьцю пачынаю для К. лекцыю краіназнаўства, якая цягнецца два глінтвайны, тупа, крок за крокам апісваючы такі вядомы кожнай постсавецкай дзяўчыне працэс. Выходзіць больш бязьлітасна, чым мне хацелася б, бо гавару я па-ангельску і проста ня ведаю, як перакласьці нюансы кшталту “выкупу” ці “выкраданьня” нявесты.

– …перад тым, як вы паедзеце ў ЗАГС, жаніх мусіць цябе купіць.
– Купіць? Гэта як?

– Ну, няўжо твае родныя і сябры проста так аддадуць цябе? Ты – належыш іх кляну, – упіваюся я кантрастам паміж заходняй фэміністычнай і ўсходняй патрыярхальнай мадэлямі грамадзтва. Да таго ж, жаніх павінен давесьці тваім хатнім і ўсяму пад’езду, што ён сапраўды цябе кахае. Напрыклад, “прайсьці агонь, ваду і медныя трубы”, – гэта я згадваю свае “падрыхтоўчыя курсы” перад вясельлем сяброўкі. – Ваду можна наліць у тазікі.

– Усяму пад’езду?
– Ну, апускаючы рэаліі, тваім суседзям.
– Пры чым тут мае суседзі?
– Вы бярэце шлюб ня толькі перад Богам, але і перад людзьмі. Твае суседзі – яны ж людзі, праўда? Паменшаная мадэль соцыюма. Дарэчы, пра Бога. Запісвацца ў царкву варта паралельна з падачай заявы ў ЗАГС, за 3-4 месяцы.

–Why?
– Чарга. Вы ж хочаце ажаніцца напярэдадні выходных? У суботу – “другі дзень”, нядзеля – каб пабыць удваіх, а ў панядзелак вам на працу.
– Чакай, якая праца? Мусіць быць honey moon – вясельная вандроўка.
– Суседзі наўрад ці адсочаць, паехалі вы ў Туніс ці не. Так што на ханімуне можна зэканоміць. Але працягнем. Вы павянчаліся, зрабілі ўрачыстае кола па горадзе – і вось вы ў арэндаваным бацькамі рэстаране. Тут важна помніць адну рэч. Галоўныя дзейныя асобы на рускім вясельлі – зусім ня твой жаніх і ты.

– А хто?
– Тамада.
– Ta-ma-da, – старана завучвае К. новае рускае слова.

– Гэты чалавек будзе казаць вам, калі і што рабіць. Слухайцеся яго. Калі ён камандуе: “Горка!”, – цалуйцеся. Ён будзе вызначаць, хто гаворыць тост і хто “надзяляе”. Бацькі і госьці будуць даваць вам капэрты, у іх грошы. Гэта вам пад’ёмныя – на час ханімуну. У паўзах паміж прыёмамі ежы асыстэнт тамады будзе граць на сынтэзатары disco.

– Якое гідоцьце.
– Інакш нельга. Танчы – госьці хочуць любавацца табой у твой дзень.
– А колькі звычайна запрашаюць гасьцей?

– Каб было, “як у людзей”, – недзе 100. Але грошай у вашых бацькоў хопіць максымум на 50. Большасьць з гасьцей вы пабачыце ў першы і апошні раз у жыцьці – гэта сваякі. Вечарынку для сяброў зладзіце потым на сваёй здымнай кватэры, альбо калі яго бацькі паедуць на дачу. Жыць вы будзеце хутчэй за ўсё ў іх.

– Why???

– Чакай, яшчэ важны абычай. Недзе паміж бойкай п’яных госьцяў і вынасам караваю, твае сябры і родныя павінны ўзяць рэванш за выкуп і “пакрасьці” – kidnap you.

– Як гэта???
– Ну, звычайна нявесту проста незаўважна праводзяць на кухню рэстарана.

Сем блогаў, якія я раю наведаць

Я хачу парэкамэндаваць малавядомыя блогі, якія вядуцца па-беларуску маладымі цікавымі літаратарамі “бяз кніжак” ў спадзеве, што зычлівая чытацкая ўвага яшчэ больш заахвоціць аўтараў да творчасьці. (Чытаючы, зважайце найперш на цэтлікі – “вершы”, “пераклады” і г.д. Многія аўтары мяшаюць жыцьцё зь літаратурай – што для блогаў традыцыйна).

1.Празаік Антон Юркавец

2.Паэт і перакладчык Антон Францішак Брыль

3.Паэт і слэмэр Віталь Рыжкоў

4.Паэт Андрэй Адамовіч

5.Паэтка Алена Пятровіч

6.Паэт і перакладчык Сяржук Мядзьведзеў (аднаўляе свій блог пасьля службы ў войску)

7.Паэтка Алеся Башарымава

З 18 год К. ведае, як будзе выглядаць яе вясельная сукенка. Па яе твары бачна, як яна спрабуе ўявіць сябе ў гэтай сукенцы на кухні расійскага рэстарана. Зь яе вуснаў вырываецца стогн вусьцішы.

– Гэта абавязкова?
– Так.
– Why?

На ейныя “вай” я даўно ўжо не рэагую. Я працягваю – і пра “складанку” на пол першынца, і пра перакотваньне курынага яйка ў калашынах жаніха, і пра гульню-танец вакол крэслаў, і пра “другі дзень”, “мэта якога – даесьці ўсё, што не адужалі ў рэстарацыі; калі ежы не застолся, можна пасмажыць шашлыкі”. Невядома, наколькі ўсе гэтыя дробязі не спэцыфічна беларускія. Пра рускае вясельле я дакладна ведаю толькі, што ў Расіі жаніх пераносіць нявесту праз сем мастоў, а ў нас я такога ніколі ня бачыла.

Мая “лекцыя” аціхае. Твар К. робіцца задуменным. Пачынае гаварыць Д. –нямецкая студэнтка з пірсынгам на вуснах, якая далучылася да нас падчас “лекцыі”.

– Ды ладна, у нямецкім вясельлі шмат падобнага … напэўна. Я сама ніколі не была на вясельлях.

– Усё можа быць, – пагаджаецца К., – я ў свае 25 была ўсяго на адным. Мы насамрэч шмат чаго ня ведаем пра Нямеччыну. Пасьля прыезду ў Расію я патэлефанавала маме, і кажу: “Мама, гаспадыня маёй кватэры нейкая дзіўная. ЯНА КЛАДЗЕ КОСЬЦІ Ў СУП”. А мама адказвае, што яна таксама кладзе косьці ў суп, проста я ніколі не спускалася на кухню, калі яна гатуе. Але катаць жаніху яйка па калашынах? Мае сябры б ніколі так са мной не паступілі. Ніколі. Марыя!!! Што мне рабіць?

– Як варыянт, ладзіць вясельле ў Нямеччыне.

– Па-мойму, я перасаліла. Задуменная, К. выцягвае мабільнік і піша “нагадвалку”: “Nicht verlieben, bitte” – “Не закохвацца, калі ласка”. Немцы заўжды дадаюць “калі ласка” – тое, што ў Расіі ў абвестках мэтро і на вуліцах лёгка абыходзяцца бяз гэтага ветлівага дадатку, такасама культурна яе шакуе.

– Я абяцаю сабе ніколі больш нікога не кахаць. Мне варта думаць пра кар’еру і жыцьцёвы шлях. Менавіта па гэта я прыехала ў Расію. Я набуду бандаж і сьцягну ім сэрца. Я клянуся!

Вось так я забіла адно каханьне. Але калі б каханьне выраблялі ў ЗША, прадпрыемства месьцілася б у горадзе Фэнікс. Вечарам наступнага дня мы сустракаемся з К. на станцыі мэтро пасьля яе заняткаў. Яна не заўважае, што я падыйшла, бо захоплена цалуецца з высокім сымпатычным хлопцам.

– Привет, – махае мне хлопец. Яны разьвітваюцца, і мы зь ёй сыходзім.

– Сёньня ва ўнівэры на ўваходзе ў вэстыбюль выпалі з праёму дзьверы, – расказвае К. свае навіны, – і ведаеш, што яны зрабілі? Яны прыляпілі іх назад скотчам! Unbelievable!

– Ладна дзьверы, дзе твой бандаж? – кпліва пытаюся я.

– Ты маеш на ўвазе, што я кахаю яго, і гэта заўважна? Ну так, я, здаецца, моцна яго кахаю. Але я выпраўлюся! Яшчэ крыху сёньня – і ўсё. Заўтра ж я абвяжу сваё сэрца. Should I?

Ну што тут адкажаш?