15 лютага у Вэнэсуэле адбудзецца рэфэрэндум адносна зьняцьця канстытуцыйнага абмежаваньня на колькасьць прэзыдэнцкіх тэрмінаў для адной асобы. Цяпер адзін чалавек можа выконваць прэзыдэнцкія абавязкі два шасьцігадовыя тэрміны.
Папярэдні рэфэрэндум у гэтай справе, які адбыўся ў сьнежні 2007 году, прэзыдэнт Уга Чавэс прайграў — 51 адсотак вэнэсуэльцаў галасавалі супраць канстытуцыйнай папраўкі, якая дазволіла б Чавэсу пераабірацца неабмежаваную колькасьць разоў.
Упершыню вэнэсуэльцы абралі Чавэса прэзыдэнтам у 1998 годзе; ён уступіў на сваю пасаду ў лютым 1999 году. Але ў тым самым годзе Чавэс давёў да зацьверджаньня новую канстытуцыю, якая працягнула прэзыдэнцкі тэрмін зь пяці да шасьці гадоў і наклала абмежаваньне на выконваньне прэзыдэнцкіх функцый адным чалавекам да двух тэрмінаў. Новая канстытуцыя таксама замяніла двухпалатны парлямэнт аднапалатным і ўстанавіла новую афіцыйную назву краіны — Баліварыянская Рэспубліка Вэнэсуэла.
Паводле гэтай новай канстытуцыі Чавэс быў нанава абраны прэзыдэнтам у 2000 годзе і пераабраны ў 2006. Чарговыя прэзыдэнцкія выбары ў Вэнэсуэле чакаюцца пад канец 2012 або ў пачатку 2013 году.
Назіральнікі палітычнага жыцьця ў Вэнэсуэле наогул сьцьвярджаюць, што Чавэс мае рэальныя шанцы, каб выйграць гэты рэфэрэндум і застацца пры ўладзе значна даўжэй, чым толькі чатыры гады, якія яму застаюцца да канца другога тэрміну.
Прэзыдэнт Чавэс цешыцца вялікай папулярнасьцю сярод бяднейшых пластоў насельніцтва Вэнэсуэлы, перш за ўсё за ажыцьцяўленьне шэрагу дзяржаўных сацыяльных праграмаў, якія адчувальна палепшылі жыцьцёвы ўзровень гэтых людзей.
Чавэс сьцьвярджае, што цягам ягонага кіраваньня колькасьць бедных у краіне зьменшылася напалову, да 26 адсоткаў насельніцтва. Ягоныя крытыкі цьвердзяць, што беднасьць скарацілася перш за ўсе дзякуючы эканамічнаму росту, які стымулявалі вялікія даходы ад экспарту нафты, а не адмысловыя сацыяльныя праграмы ўраду.
Але былі і праграмы, супраць якіх нават крытыкі цяперашняга прэзыдэнта не знаходзяць кепскага слова. За нафтадаляры Чавэс распарадзіўся пабудаваць тысячы малых шпіталёў і клінікаў па ўсёй краіне. А кубінскі ўрад, у абмен за пастаўкі таннай нафты, накіраваў у Вэнэсуэлу 15 тысяч дактароў, каб забясьпечыць мэдычны пэрсанал у гэтых установах.
Чавэс таксама заснаваў сетку грамадзкіх унівэрсытэтаў, у якіх бедныя могуць атрымліваць адукацыю задарма, ды сетку адмысловых адукацыйных установаў, дзе непісьменных старэйшых людзей вучаць чытаць, а малодшым, якія не пасьпяваюць за равесьнікамі ў школах, дапамагаюць запоўніць адукацыйныя прабелы. Крытыкі кажуць, што гэткі масавы ахоп вэнэсуэльцаў адукацыяй адбываецца коштам узроўню самой адукацыі.
Папулярная сацыяльна-эканамічная палітыка Чавэса грунтуецца перш за ўсё на даходах ад продажу вэнэсуэльскай нафты. Паводле большасьці палітычных аналітыкаў, гэтая палітыка пад вялікай пагрозай цяпер, калі цэны нафты ўпалі з узроўню 140 даляраў за барэль у сярэдзіне мінулага году да 40 даляраў. А таму, дадаюць яны, Чавэс сьпяшаецца з канстытуцыйным рэфэрэндумам, пакуль народ яшчэ не адчуў гэтага спаду.