Кухлей: “эліта” лічыць, што дэмакратыя – ад слова “дэман”

Зьміцер Кухлей

Сёньня грамадзкі рэдактар гэтага тыдня – Зьміцер Кухлей з Мастоў разважае над тым, чаму ў рэгіёнах не разумеюць ролі мясцовага самакіраваньня.

- Парушэньні на кожным кроку. Напрыклад, я ніколі не атрымаў загадзя, як прапісана ў рэглямэнце Мастоўскага райсавету, за тры дні да пачатку, поўны парадак сэсіі. Часам прыходзіш, а там вынесена пытаньне, якое варта было б і не за тры, а за дзесяць дзён разглядаць, раіцца са спэцыялістамі, выбарцамі.

Аднак на сэсіі ўсе заўсёды ўздымаюць рукі, як па камандзе.

І ў выніку камусьці перадаюцца бясплатна будынкі, грошы, нават рэчку ў арэнду нядаўна аддавалі – кавалак Нёману... І ўсё – “законна”, бо прыкрыта дэпутацкімі галасамі...

А старшыня райсавету гэтым нават хваліцца: маўляў, у аблсавеце няма такіх, як я, што патрабуюць ад дэпутатаў быць да ўсяго гатовымі загадзя – у мяне ўсе прыходзяць ужо згодныя з усім, што ім аддаюць перад уваходам!

На мой погляд – гэта чарговая ілюстрацыя поўнай прафанацыі мясцовага самакіраваньня.

Як вынік – людзі перасталі верыць дэпутатам. “Ну што вы можаце?” – чую з усіх бакоў. Парырую а адказ: “А чаму вы абіраеце такі вось – нямоглых?” Найчасьцей у адказ чую: “Дык жа іншых і не было...”

Але пры гэтым людзі не разумеюць сутнасьці мясцовага самакіраваньня. І ня толькі шарагоўцы – так званыя мясцовы эліты не далей за іх разьбіраюцца ў праблеме...

Напрыклад, перад апошнімі выбарамі адна выбітная асоба з кіраўніцтва райсавету зацята даказвала мне, што слова “дэкатратыя” паходзіць ад слова “дэманы”. На поўным сур’ёзе! Што вельмі сьмешна.

Можаце ўявіць сабе інтэлектуальны ўзровень тамтэйшага кіраўніцтва...

А зусім нядаўна ў размове са старшынёй райсавету, калі я настойваў на захаваньні прапісаных законам парадкаў і своечасова даваць адказы на мае дэпутацкія звароты, ён, назваўшы сябе “начальнікам савету”, сарваўся на крык і запатрабаваў, каб я ня ўказваў як жыць і як кіраваць!

Думаю, нават са зьменай прэзыдэнта ў нашай краіне ня шмат што зьменіцца. Бо выкананьне агульнадзяржаўнай палітыкі ў большай ступені залежыць менавіта ад мясцовага ўзроўню ўлады.

І гэта разумее сёньняшні кіраўнік дзяржавы. Аднак тое ігнаруецца апазыцыйнымі лідэрамі, дэмакратычнымі палітыкамі.

Я ж лічу, што для падрыхтоўкі прыстойнай зьмены патрэбна сыстэмная праца менавіта на мясцовым узроўні. Якая дасьць плён не адразу, а праз пэўны адрэзак часу.

Грамадзкі рэдактар гэтага тыдня – Зьміцер Кухлей з Мастоў. Ён – адзіны на Гарадзеншчыне дэпутат райсавету ад дэмакратычных сілаў. 29 гадоў, жанаты. Быў сябрам “Маладога Фронту”, стаў адным зь ініцыятараў утварэньня Беларускай хрысьціянскай дэмакратыі, актывіст руху “За свабоду”. Закончыў Баранавіцкі вышэйшы пэдагагічны каледж, Эўрапейскі гуманітарны ўнівэрсытэт, магістар паліталёгіі. Нядаўна Зьміцер атрымаў вестку: зь ім не прадоўжылі працоўны кантракт. Дабіцца справядлівасьці не дапамог і суд, які адбыўся ў мінулую пятніцу.