Ірляндыя стане другой краінай пасьля Італіі, якая заключыць двухбаковыя пагадненьні зь Беларусьсю адносна замежнага адпачынку чарнобыльскіх дзяцей. Беларускі кіраўнік Аляксандар Лукашэнка ўхваліў адпаведны праект беларуска-ірляндзкага пагадненьня.
Як падае БелаПАН, дакумэнт, у выніку якога дзіцячыя паездкі ў Ірляндыю адновяцца, мае быць падпісаны цягам гэтага месяца.
Праграмы аздараўленьня беларускіх дзяцей у замежжы былі спыненыя яшчэ ўвосень указам № 555 прэзыдэнта Лукашэнкі ў сувязі з выпадкамі, калі падлеткі не вярталіся з вакацыяў.. Беларускі бок патрабаваў ад краін-партнэраў гарантый, што дзеці вернуцца дадому. Таксама былі выстаўленыя іншыя ўмовы. Напрыклад, дзеці, якія выяжджаюць на вакацыі, ня могуць быць старэйшымі за 14 гадоў і ня могуць адпачываць у адной і той жа замежнай краіне часьцей за тры разы.
Пры канцы мінулага году, напярэдадні Калядаў, ірляндзкі МЗС папрасіў беларускае кіраўніцтва зрабіць для ірляндзкіх чарнобыльскіх ініцыятываў выключэньне ды захаваць у новых дамоўленасьцях старыя ўмовы. А менавіта — пакінуць узроставыя межы дзяцей ранейшымі (ад 7 да 18 гадоў) і не абмяжоўваць колькасьць паездак.
Улічваючы маштабны характар чарнобыльскіх праграмаў у Ірляндыі, беларускі бок задаволіў запыт Дубліна.
Паводле міністэрства замежных спраў Ірляндыі, урад гэтай краіны правёў вялікую і складаную працу, каб дасягнуць пагадненьня зь Менскам у гэтым пытаньні.
У 2009—2011 гг. Ірляндыя плянуе выдаткаваць на міжнародныя чарнобыльскія праграмы 600 000 эўра.