Шалкевіч закрыў тэму “Хамскай улады”

Віктар Шалкевіч

Творчае амплюа госьця сёньняшняй перадачы акрэсьліць няпроста: эксцэнтрычны актор Гарадзенскага тэатра лялек, аўтар і выканаўца ўласных песьняў, фактурны кінаактор, паэт і празаік, беларускамоўны вядучы расейскамоўных аўкцыёнаў – усё гэта Віктар Шалкевіч, якому 9 лютага споўнілася пяцьдзесят гадоў. Напярэдадні юбілею зь ім сустрэўся Міхась Скобла.

Міхась Скобла: “Віктар, калі мы стэлефаноўваліся з табой, каб дамовіцца наконт радыёгутаркі, ты ўвесь час знаходзіўся на рэпэтыцыі, прычым да позьняга вечару. Якая прэм’ера чакае гледачоў Гарадзенскага лялечнага тэатру ў тваім бэнэфісным спэктаклі?”

Віктар Шалкевіч: “Прэм’еры ня будзе. Па-першае, як высьветлілася, я чалавек вельмі сціплы і гэтага абсалютна не хачу. Па-другое, ну што такое бэнэфіс? Гэта калі ўвесь касавы збор у суме прыкладна пятнаццаці тысячаў рублёў ідзе ў набытак актору? Дык жа за гэтыя грошы нават у рэстарацыю ня сходзіш… Па-трэцяе, я звычайны актор вышэйшай катэгорыі, а ёсьць вядучыя майстры сцэны, для якіх, магчыма, тыя бэнэфісы і прыдуманыя. А мяне яны ня тычыцца. Я многа разоў назіраў гэтыя юбілеі, прыходзяць з кветкамі, віншуюць… Усё гэта выглядае даволі паныла і больш падобнае на рэпэтыцыю пахаваньня, чым на юбілей. Таму я рэпэтую не бэнэфісны спэктакль, мы зьбіраемся са сваімі хлопцамі, таму што ў нас (у мяне і маёй групы) адбудуцца два канцэрты – у Менску і ў Горадні. Мяне ў спэктаклі паглядзець вельмі проста, дастаткова купіць білеты і прыйсьці ў тэатар. А ўбачыць мяне на канцэрце, ды яшчэ калі сьпяваю, гэта ня кожнаму ўдаецца, таму мы і рэпэтуем песьні”.

Міхась Скобла
Скобла:
“Ты пасьля заканчэньня Беларускага дзяржаўнага тэатральна-мастацкага інстытута сем гадоў працаваў у Гарадзенскім драмтэатры. Жывая сцэна, жывыя людзі, беспасярэдні кантакт з публікай. Чаму ўсё ж ты, актор бясспрэчна фактурны зьвязаў сваё жыцьцё з тэатрам лялек, дзе зусім іншыя патрабаваньні і магчымасьці?”

Шалкевіч: “Лёс быў такі. Проста ў 1985 годзе пачалася перабудова, і мы, маладыя артысты, пачалі бунтаваць у тэатры. Нам было недаспадобы, напрыклад, што ў тэатар прыехалі нейкія старыя акторы, а мы, маладыя, хацелі рабіць нешта новае, ну і пачалі паціху бунтавацца. У выніку гэтага бунту я вымушаны быў сысьці, таму што кіраўніцтва тэатра пачало мяне есьці поедам, пачало ўсякія гадасьці рабіць. Таму я і сышоў у культасьветвучэльню, дзякуй яе дырэктару Сяргейчыку, што ён мяне прыняў. Папрацаваўшы там тры гады, я перайшоў у лялечны тэатар. Мне тут цікава. Нашы “Тутэйшыя” – адзін з самых лепшых спэктакляў”.

Скобла: “З часу твайго тэатральнага бунту прайшло многа гадоў. Няўжо за ўвесь гэты час не ўзьнікала жаданьня вярнуцца ў драмтэатар?”

Шалкевіч: “А я вяртаўся – на паўстаўкі. Калі Валеры Мазынскі рабіў п’есу Аляксея Дударава “Ўладзімер і Рагнеда”, я там граў. А нядаўна граў у “Варшаўскай мэлёдыі”. Але мушу прызнацца, што ўвогуле ў тэатры мне проста не цікава. Ну, у лялечным яшчэ трошкі цікавей, а ў драме проста не цікава. Лялькі – гэта трохі іншыя магчымасьці. Можна гаварыць з адной інтанацыяй, а можна – з другой. Лялечны актор больш унівэрсальны, ён больш прыдумвае, выкарыстоўвае больш знаходак, больш масак, больш штампаў”.

Скобла: “Ты ўспомніў пра свой “бунт”, і мне згадаўся нядаўні “бунт” у Купалаўскім тэатры. Як ні дзіўна, ён меў станоўчы вынік – Міністэрства культуры вярнула ў тэатар Мікалая Пінігіна, які перад гэтым быў вымушаны працаваць у Расеі. Цяпер усе чакаюць цікавых спэктакляў у Купалаўскім. Але адных дзяржаўных тэатраў у Беларусі – каля трох дзясяткаў. А колькі, на тваю думку, тэатральных рэжысэраў, здольных зьдзіўляць і ставіць аншлягавыя спэктаклі?”

Шалкевіч: “Я ня ведаю. Усё залежыць ад таго, якая сума грошай будзе ў той ці іншы спэктакаль укладзеная. Самае парадаксальнае ў тым, што наша Акадэмія мастацтваў кожны год выпускае столькі рэжысэраў, а калі трэба было запрасіць галоўнага рэжысэра ў той самы Гарадзенскі драмтэатар, шукаць давялося дзесьці за мяжой, здаецца, з Латвіі выпісалі”.

Скобла: “А чаму так адбываецца? Сваіх рэжысэраў хапае, а выпісваюць замежных”.

Шалкевіч: “Гэта пытаньне да спадара Матвейчука, міністра культуры. А што да акторскіх бунтаў, то ўсё гэта, з гледзішча пабочнага чалавека, вельмі сьмешна. Усё ж такі гэта такія ўнутрытэатральныя разборкі. З другога боку, ня трэба з Мікалая Пінігіна рабіць мучаніка і сьвятога: ах, Божа, ён вярнуўся на радзіму... Яго трэба было дзесяць гадоў таму вяртаць. Пінігін у Купалаўскім тэатры раней працаваў як запрошаны рэжысэр. Адна справа – калі ты прыяжджаеш у тэатар – сьветануўся, паставіў выдатны спектакаль і паехаў сабе. А другая справа – у гэтым тэатры жыць кожны дзень. О, і тут я Мікалаю не пазайздрошчу”.

Скобла: “У свой час у цябе было некалькі неардынарных роляў у кіно. “Сьлёзы блуднага сына”, “Плач перапёлкі”, “Салодкае пекла каханьня” – фільмы з тваім удзелам. Чаму ўсё ж з кіно ў цябе ня склалася? Мне здаецца, што актор Шалкевіч змог бы выцягнуць любы сэрыял”.

Шалкевіч: “Ня ведаю, чаму з кіно ня склалася. Вянцом маёй “нямецкай” кар’еры на “Беларусьфільме” (бо ў кожным фільме я граў немцаў), быў фільм Ігара Дабралюбава “Плач перапёлкі”. Ну, сыграў я чатыры старонкі нямецкага тэксту, дзякуй Богу, ня зьбіўся. А праца зь Віктарам Асьлюком, я маю на ўвазе “Сьлёзы блуднага сына”, была вельмі цікавай. Гэта было экспэрымэнтальнае кіно. І мы яго зрабілі. Фільм атрымаў, па-мойму, пару прызоў на міжнародных фэстывалях. Цяпер Асьлюк зусім другі, я зусім другі. У яго свае задачы па жыцьці, у мяне свае. І ня трэба тут разьменьвацца. Мне здаецца, што я знайшоў сваё месца ў гэтым жыцьці, і ўсё вельмі добра. А няма горшай бядоты, чым граць у дурных сэрыялах, асабліва ў тых, што ідуць па тэлебачаньні. Я іх прынцыпова не гляджу – нудота”.

Скобла: “У “Тутэйшых” ты выконваеш ролю прафэсара Сьпічыні, у “Плачы перапёлкі” – немца. Адкуль такая скіраванасьць на “замежнікаў”?”

Шалкевіч: “А ў мяне фактура такая была. Калі быў малады і худы, і мы прыяжджалі ў нейкую вёску на натуру, заўсёды падыходзілі мясцовыя жыхары, якія яшчэ памяталі немцаў, і казалі мне, што немцы менавіта такія і былі – высокія і гарбаносыя”.

Скобла: “15 лютага ў менскім Палацы культуры прафсаюзаў адбудзецца твой юбілейны канцэрт. Чым новенькім парадуеш сталічную публіку?”

Шалкевіч: “Чым новенькім? А старэнькае ўжо нецікавае? Гэта будзе своеасаблівая творчая справаздача за пяцьдзесят гадоў (сьмяецца). Парадуем чым-небудзь. Нешта новае напісалася, нешта старое па-новаму прасьпяваем. Ёсьць у гэтай даце нейкая магія, і пра гэтую магію ўсе даведаюцца на канцэрце”.

Скобла: “Раней у тваім актыўным рэпэртуары былі песьні, якія можна аднесьці да жанру палітычнай сатыры – тая ж “Баляда пра таварыша Сапегу” ці “Рэквіем па расейскай настаўніцы” зь Бійска, якую зьеў беларускі воўк. Цяпер у цябе трохі іншыя тэмы. З чым гэта зьвязана – з цэнзурай ці тваёй уласнай творчай эвалюцыяй?”

Шалкевіч: “Не, тэмы маіх песьняў, калі ўслухацца, не зьмяніліся. І погляды мае на жыцьцё таксама не зьмяніліся. Усё засталося, толькі, можа быць, з вышыні пяцідзесяці гадоў некаторыя рэчы здаюцца ўжо нецікавымі, а пісаць сто песень на адну тэму – навошта? Ёсьць такі панятак – закрыць тэму. Ну напісаў я “Хамскую ўладу”, і што – працягваць далей пра гэта пісаць? Напісаў я “Кухарчыныя дзеці”, напісаў блюз “Вялікі кастрычнік”. Усё – тэма закрытая. Нехта другі павінен гэтым займацца. Так што, нічога не зьмянілася. З аднаго боку, маладосьць, вядома ж, праходзіць, але, з другога боку, прыходзіць жыцьцёвая мудрасьць, і хочацца напісаць пра нешта зусім другое”.

Скобла: “Твой адказ нагадаў мне запіс у дзёньніку аднаго паэта: “Учора напісаў верш пра каханьне. Закрыў тэму”.

Шалкевіч: “Ён закрыў тэму для ўсіх, я закрыў гэтую тэму для сябе”.

Скобла: “Я чуў твае песьні ў канцэртнай залі, у былой нямецкай кірсе, на падворку вясковай хаты ў Бычках – на радзіме Васіля Быкава. Для цябе сапраўды ня мае значэньня, з акустыкай заля ці без акустыкі, ёсьць добры мікрафон ці няма? Што трэба для таго, каб Шалкевіч прыйшоў, убачыў і – засьпяваў?”

Шалкевіч: “Ды нічога ня трэба. Патрэбная толькі публіка, якая ў маіх песьнях хоць трошкі разьбіраецца і шурупіць. У сёньняшняй сытуацыі публіка проста вымушаная шукаць такіх выканаўцаў, якія яе задавальняюць, а выканаўца – шукаць тую публіку, якая яго задаволіць, якая яго зразумее – вось і ўсё, адзін ідзе да другога. Мне сьпяваць усюды добра. Галоўнае – не ісьці ў разрыў з тым месцам, у якім сьпяваеш: ні з прыродай, ні зь людзьмі, ні нават з закускай і выпіўкай на стале”.

Скобла: “Колькі павінна быць слухачоў у зале, каб ты адчуваў сябе камфортна?”

Шалкевіч: “Роўна столькі, колькі ў той зале месцаў. Хоць бываюць часам такія інтымныя моманты ў жыцьці, калі сьпяваеш для адной асобы”.

Скобла: “Хачу пажадаць табе як маго больш такіх канцэртаў!.. Два гады таму ў гутарцы на нашым радыё ты прызнаўся, што пішаш кнігу і будуеш дом на вёсцы. Дык ці дапісалася кніга, і ці дабудаваўся дом?”

Шалкевіч: “Кніга дапісваецца. Яна будзе мець назву “Рэквіем па непатрэбных рэчах”. У кнізе будзе дзевятнаццаць або дваццаць разьдзелаў. Сьмела магу сказаць, што трэцюю частку кнігі я ўжо напісаў. Там будзе пра ўсё: і пра старую бацькаву папругу, і пра закінуты хутар за вёскай Гарнастаевічы, і пра машынку, якою нас у дзяцінстве стрыглі, і пра матацыкл “Усход 2-М”. Запэўніваю будучых чытачоў – клясная кніжка будзе! Я ўжо ведаю, дзе яе выдадуць і як яна будзе выглядаць. Дом мой за Парэччам ужо стаіць, накрыты стрэхаю, засыпаны пясок пад фундамэнт, бліжэй пад вясну будзем класьці падлогу, ставіць вокны. Ужо напалову зробленая вялікая, харошая вясковая печ, пра якую я марыў усё жыцьцё”.