Пагадненьні паміж Беларусьсю і Расеяй, эканамічны крызіс у Беларусі, эпідэмія грыпу, а таксама іншыя тэмы — у сёньняшніх тэлефанаваньнях на “Свабоду”.
Аляксандар Лукашэнка і Дзьмітрый Мядзьведзеў падпісалі пагадненьне аб стварэньні Беларусьсю і Расеяй адзінай рэгіянальнай сыстэмы супрацьпаветранай абароны (СПА). На тэму беларуска-расейскіх дачыненьняў — наступныя выказваньні слухачоў:
Ян Палёнік, Віцебск: “Беларусь усё-ткі стала закладніцай імпэрскай Расеі. Паступова рыхтуецца новы каток гісторыі праз тэрыторыю Беларусі”.
Спадар, Барысаў:
“Нас Расея рагамі бадае:
Будуць ворагі нападаць,
Трэба разам супрацьпаветраную
абарону трымаць.
Ды жыцьцём беларусаў
Вялікую Расею абараняць”.
Спадар: “Маё меркаваньне наконт ваеннага саюзу паміж пяцьцю дзяржавамі. Ён зроблены не для абароны, не ад агрэсіі зьнешняга ворага, якога няма, а супраць народаў сваіх краін, якім надакучыла жыць пад дыктатарскім рэжымам ў бяспраўі, а зараз і галоднымі”.
Эканамічны крызіс і ягоныя праявы ў Беларусі — тэма наступных тэлефанаваньняў:
Спадар Басаў, Салігорск: “Крызіс мае неадназначнае значэньне. Ёсьць крызіс эканамічны, а ў нас зусім іншы крызіс. У нас крызіс улады”.
Спадар: “Што рабіць? Трэба на 30—50 адсоткаў скараціць бюракратычны страшны апарат, які сядзіць, пазногцікі чысьціць”.
Ніна Ярмалінская, Салігорск: “Дзеля стабілізацыі эканомікі і выратаваньня краіны Аляксандру Лукашэнку і яго адміністрацыі неабходна тэрмінова пайсьці ў адстаўку”.
Спадар: “Наш правадыр неаднойчы казаў, што Беларусь не багатая сваімі нетрамі, таму без Расеі мы нішто і безь яе не пражывем. Але Японія, тыя ж Фінляндыя, Данія — таксама ня могуць пахваліцца карыснымі выкапнямі. А паглядзіце, як жывуць! Што тычыцца Расеі, то нягледзячы на тое, што ў яе нетрах ёсьць уся табліца Мендзялеева, яна ня ў стане забясьпечыць сваім грамадзянам прыстойны ўзровень жыцьця. Можа, экспэрты “Свабоды” падкажуць Аляксандру Рыгоравічу, у чым прычына гэтага парадоксу?”
На пытаньне адказвае палітык Юрась Губарэвіч:
“Прычына ў эканамічнай мадэлі, калі адны выбіраюць продаж сыравіны, а іншыя разьвіваюць тэхналёгіі і прадаюць”.
Пракуратура Гомельскай вобласьці зьмяніла меру стрыманьня тром жыхарам вёскі Пухавічы Жыткавіцкага раёну, якія абвінавачваюцца ў забойстве аднавяскоўца. Гэта адбылося ў выніку асабістага ўмяшаньня ў справу Аляксандра Лукашэнкі. З гэтай нагоды слухач задае пытаньне:
Спадар: “Наконт забойцаў з Пухавічаў. Цікавае пытаньне: ці мае права прэзыдэнт умешвацца ў таямніцу следзтва, даваць парады? Бо ў прэзыдэнта ёсьць магчымасьць іх усіх памілаваць потым”.
На пытаньне адказвае палітык і юрыст Уладзімер Лабковіч:
“На жаль, гэты выпадак яшчэ раз пацьвярджае, якой неправавой дзяржавай зьяўляецца Рэспубліка Беларусь. Рашэньне павінен прымаць кампэтэнтны і незалежны суд. Ён павінен быць абсалютна незалежны ад думкі дзяржаўных органаў, тым больш ад наўпроставых указаньняў якіх-небудзь чыноўнікаў. Нават калі гэтым чыноўнікам зьяўляецца прэзыдэнт”.
Працягваем праграму іншымі выказваньнямі:
Спадар: “Я ліквідатар-чарнобылец, 19 артыкул. Пражываю ў Краснапольлі Магілёўскай вобласьці. Беспрацоўны. Мой даход — 50 тысяч на месяц. Плацяць мне ў Краснапольлі за тое, што я здароўе страціў, як беспрацоўнаму. Як жыць далей?”
Спадар: “Міністар аховы здароўя няхай прыедзе ў Дражна і паглядзіць, якія лекі ёсьць ад грыпу. Няма нічога, акрамя асьпірыну. Ці ж ня ведалі, што набліжаецца сэзон грыпу? Дзікунства сярэднявечнае”.
Шаноўныя слухачы! Нагадаем: тэлефон “Свабоды” ў Менску — 266-39-52, працуе 24 гадзіны на суткі. Нумар мабільнай сувязі для СМС-паведамленьняў: + 375.293.912.224. Тэлефануйце і пішыце! Дзяліцеся навінамі, выказвайце сваё стаўленьне да падзеяў у Беларусі і ў сьвеце. Мы таксама чакаем водгукаў на працу Радыё Свабода.