Гімн для Паставаў

Самадзейныя аўтары падалі на конкурс некалькі варыянтаў гімну, спаміж якіх жыхары Паставаў выберуць найлепшы.

Тэксты гімнаў райцэнтру напісалі пэнсіянэрка Рэгіна Ластоўская, паэт зь вёскі Камаі Аркадзь Нафрановіч ды пэдагогі Ірына і Люцыян Каранеўскія. Усе творы самадзейных літаратараў былі надрукаваныя ў газэце “Пастаўскі край”, пасьля чаго кампазытары ўзяліся пісаць музыку. Дарэчы, словы Аркадзя Нафрановіча ўпадабалі адразу тры кампазытары, і ягоны верш, пакладзены на музыку, гучыць у трох варыянтах.

Пастаўчанам прапанавана ўзяць удзел у выбары гімну. Дзеля таго, каб людзям было прасьцей вызначыцца, пададзеныя на конкурс творы пэрыядычна трансьлююць па мясцовым радыё. Таксама запісы гімнаў ёсьць на прадпрыемствах і ў арганізацыях гораду, і ў вольны ад працы час іх можа праслухаць кожны ахвотны.

Акрамя саміх пастаўчан, сваю думку пра найлепшы варыянт выкажа і прафэсійнае журы. Плянуецца, што гімн зацьвердзяць да 600-х угодкаў горада, якія будуць сьвяткавацца сёлета ўлетку.