“Каб не бяда — цяжкая хвароба, якая прыйшла ў выніку радыяцыі — я б ніколі не зьмяніла сваё жыцьцё. Я ўдзячная лёсу за выпрабаваньні, якія ён мне паслаў”, — кажа Кэтлін Кент, аўтарка кнігі The Heretic's Daughter (Дачка ерэтычкі), якая нядаўна выйшла ў ЗША.
Кэтлін Кент лічыць, што з гісторыі яе жыцьця людзі могуць зрабіць некалькі высноў. Па-першае, нават прасунутая заходняя мэдыцына бездапаможная перад наступствамі Чарнобылю, і, па другое, нават у самыя безнадзейныя моманты чалавек павінен ведаць, што ён жыве, пакуль жывая памяць пра яго, а таму рабіць усё дзеля гэтай памяці. Апошнія словы Кэтлін прыводзіць даволі часта. Так калісьці гаварыла яе далёкая пра-пра-прабабуля Марта Керэй, якой галоўным чынам і прысьвечаная The Heretic's Daughter .
Кэтлін Кент 55 гадоў. Відэа.
Гледзячы на яе, падумаеш, што яна нашмат маладзейшая. А яшчэ ніколі ня скажаш, што ёй удалося перамагчы цяжкое аўтаімуннае захворваньне — рэцыдыўны поліхандрыт, калі разбураюцца храстковыя тканкі, суставы, унутраныя органы. Дарэчы, гэта застаецца загадкай для шматлікіх мэдыкаў, у якіх назіралася жанчына.
“Упэўненая, што хвароба — вынік працы ў Беларусі”
Паводле Кэтлін, першыя прыкметы захворваньня пачалі выяўляцца на пачатку 1990-х. Гэта былі няспынныя недамаганьні, стомленасьць, ніяк не зьвязаная з працоўнымі нагрузкамі. У гэты час Кэтлін Кент, пасьпяховы амэрыканскі гандлёвы мэнэджэр, прадстаўляла інтарэсы адной буйной кампаніі, якая працавала па кантрактах для міністэрства абароны ЗША ў Беларусі. Кэтлін наведвала колішнія беларускія абаронныя прадпрыемствы, якія пераходзілі на рэйкі канвэрсіі.
Жанчына ўпэўненая, хоць і ня можа гэтага даказаць, што хвароба, на якую ніхто зь яе родзічаў ніколі не пакутаваў, — вынік Чарнобыльскай аварыі. Яна працавала ў Беларусі, дзе радыяцыя знаходзілася паўсюль — у глебе, паветры, ежы, вадзе. Апраменьваньне даводзілася атрымліваць штодня ў малых і ня надта малых дозах. “Тады, падобна да іншых, я проста недаацаніла магчымых наступстваў Чарнобылю”, — прызнаецца Кэтлін значна пазьней, калі амэрыканскія лекары выставяць ёй канчатковы дыягназ.
У сярэдзіне 90-х, ужо дома ў ЗША, у жанчыны зьявяцца высыпаньні на скуры, пачнуць выпадаць валасы. Потым зьявяцца болі ў суставах, асабліва ў храстковай частцы. Нос у Кэтлін разьдзьмецца, зьявяцца пухіры на вушах і ў роце. Свае невыносныя болі жанчына пачне параўноўваць з сапраўдным пеклам.
“Чалавек жыве, пакуль жывая памяць пра яго”
Кэтлін Кент пройдзе некалькі курсаў хіміятэрапіі, яе будуць накачваць антыбіётыкамі і стэроідамі, у выніку чаго яна стане яшчэ больш хворай. У 2002 годзе мэдыкі дадуць ёй зразумець, што жыць засталося нядоўга. Аднак Кэтлін вырашыць, што проста так сысьці ня можа.
Яна пачне часта вяртацца да словаў сваёй пра-пра-прабабулі Марты: “Чалавек жыве, пакуль жывая памяць пра яго”.
Яна прызнаецца сабе, што цяжкая хвароба зрабіла яе невыноснай і агрэсіўнай у дачыненьні да блізкіх. Яна вырашыць зрабіць усё, каб вярнуць сабе любоў мужа і сына.
Па-другое, згодна старой традыцыі прадстаўніц яе роду, яна павінна перад сьмерцю перадаць сваю сямейную гісторыю наступным пакаленьням. Калісьці так рабілі яе бабуля і маці. Кэтлін вырашае напісаць кнігу пра далёкую прадстаўніцу свайго роду Марту Керэй, якую сучасьнікі называлі салемскай вядзьмаркай.
Кент: “Пра Марту Керэй я ўпершыню пачула ад бабулі і маці. Гадоў 350 таму яе павесілі, бо ўсе вакол лічылі яе ерэтычкай, вядзьмаркай. Аднак насамрэч ніякай вядзьмаркай яна не была. Яна была надта незалежнай жанчынай для таго часу, і да таго ж надта верыла ў свае сілы. Яна была адзінай, хто не збаяўся супрацьстаяць судзьдзям і, адрынаючы ілжывыя абвінавачаньні, выбрала сьмерць. Марта была гонарам нашага сямейнага клану, яна стала для ўсіх нашых жанчын прыкладам рашучасьці. Марціны рашучасьць, цьвёрдасьць вельмі дапамаглі мне ў 1970—1980-я, на пачатку маёй кар’еры, калі я, перакананая фэміністка, ішла насуперак распаўсюджанай грамадзкай думцы адносна ролі жанчыны, потым у 1990-х, калі я працавала мэнэджэрам у былым СССР. Аднак больш за ўсё мая ўнутраная сувязь з Мартай дапамагла мне ў барацьбе з маёй безнадзейнай хваробай. Марта была са мной увесь гэты час”.
Кэтлін Кент адразу вырашыла, што будзе пісаць кнігу як лісты да сваіх любых мужа і сына. Асабліва ёй хацелася, каб сын, які на час хваробы быў яшчэ малы, узгадваў яе ня толькі як нейкую цяжкахворую.
Каб апярэдзіць хваробу і пасьпець напісаць кнігу, Кэтлін пераглядае мэтодыкі свайго лекаваньня. Яна цалкам адмаўляецца ад паслуг традыцыйнай мэдыцыны і пераходзіць на іглаўколваньне, рэфлексатэрапію. Яна пачынае займацца ёгай. Сваё харчаваньне абмяжоўвае неачышчаным рысам, гароднінай і рыбай.
“Хвароба дапамагла напісаць кнігу, якая б інакш проста не зьявілася”
У адну з раніц 2004 году Кэтлін, паводле яе словаў, “прачнулася і ўбачыла цудоўныя зьмены”
Кент: “Я прысьвяціла пяць гадоў вывучэньню гісторыі Марты. Я імкнулася пабываць у мясьцінах, дзе ўсё адбывалася, і ўявіць атмасфэру таго часу. Уласныя фізычныя пакуты дапамаглі мне адчуць усё тое пекла, празь якое прайшла Марта. Хвароба дапамагла мне ня толькі напісаць кнігу, якая б проста інакш і не зьявілася. Дзякуючы ёй, я зразумела цяжкі ўнутраны сьвет маёй маці, зь якой мне даводзілася шмат канфліктаваць. Я навучылася таксама кіраваць эмоцыямі і менш крытычна ставіцца да сабе. У часе працы здаралася нямала містычнага. Усё гэта таксама трапіла ў кнігу. Бо добрая літаратурная гісторыя павінна быць пабудаваная з рэальнага і ірэальнага, а таксама ўтрымліваць у сабе шмат новага”.
Кэтлін Кент чакаюць шмат хірургічных апэрацый па выдаленьні пашкоджаных храсткоў у плячах ды калене. Яна працягвае сваю спартанскую дыету і заняткі ёгай. Зусім не ўжывае хімічных прэпаратаў і імкнецца навучыцца ігнараваць боль.