На каго ў сьвеце глядзяць прыхільным вокам?

Паводле нядаўняга міжнароднага апытаньня, Нямеччына ў вачах насельнікаў нашай плянэты мае найбольш станоўчы ўплыў на сучасны сьвет. А такія краіны, як Ізраіль і Іран, — найбольш адмоўны.
Апытаньне, якое праводзілася ў сьнежні 2008 году і студзені 2009-га на заказ кампаніі “BBC World Service” , ахапіла больш за 13 тысяч людзей у 21 краіне — у прыватнасьці, у Канадзе, ЗША, Мэксыцы, Вялікабрытаніі, Нямеччыне, Францыі, Турэччыне, Гане, Нігерыі, Індыі, Кітаі, Японіі і Расеі. Апытвалі людзей або па тэлефоне, або пры вочным кантакце.

Найбольш прыхільна ў сьвеце глядзяць на Нямеччыну

Рэспандэнтам ставілі пытаньне – “Па-вашаму, ці кожная з пералічаных ніжэй краінаў мае пераважна станоўчы ці пераважна адмоўны ўплыў на сьвет?” І тут прыводзіўся сьпіс краінаў. Акрамя адказаў “пераважна станоўчы” і “пераважна адмоўны”, былі й іншыя магчымасьці: “гэта залежыць ад...”, “ні адно, ні другое”. Можна было таксама адмовіцца ад адказу.

Выявілася, што пры гэтак сканструяваным апытаньні найбольш прыхільна ў сьвеце глядзяць на Нямеччыну (61 адсотак апытаных сказаў, што краіна мае “пераважна станоўчы” ўплыў на сьвет, а 15 адсоткаў, што “пераважна адмоўны”). Няблага ацэньваюцца таксама Канада (57 і 14), Вялікабрытанія (58 і 19), Японія (56 і 23) і Эўразьвяз у цэлым (51 і 20).

"Кітаю трэба яшчэ шмат чаго навучыцца, каб заваяваць сымпатыю"

Тры супэрдзяржавы атрымалі менш прыхільных ацэнак, чым непрыхільных: Кітай (39 і 40), ЗША (40 і 43), Расея (30 і 42).

Найгорай у гэтым апытаньні выглядаюць Паўночная Карэя (20 і 48), Ізраіль (21 і 51), Пакістан (17 і 53), Іран (17 і 55).

“BBC World Service” праводзіць апытаньні аб уплывовасьці дзяржаваў у сьвеце з 2005 году.

Даўг Мілер, кіраўнік міжнароднай фірмы “GlobeScan”, якая ўдзельнічала ў гэтых апытаньнях, сказаў пасьля сёлетняга: “Наша апытаньне дае зразумець, што Кітаю трэба яшчэ шмат чаго навучыцца, каб заваяваць сымпатыю ў сьвеце. Здаецца, што пасьпяховых Алімпійскіх гульняў не хапіла, каб ураўнаважыць іншыя засьцярогі, якія людзі маюць да гэтай краіны... А што да Расеі, дык чым больш яна паводзіць сябе так, як калісьці паводзіў сябе Савецкі Саюз, тым менш людзям па-за яе межамі гэта падабаецца”.