Фінансавы крызіс карэктуе заробкі беларусаў

Усё даўжэйшыя прастоі прадпрыемстваў, згортваньне экспартных праграмаў, недахоп абаротных сродкаў імкліва зьядаюць прыбыткі, якія кіраўніцтва краіны яшчэ нядаўна абяцала давесьці да эўрапейскіх стандартаў. Цяпер жа рэаліі іншыя — за дні прастою работнікам плацяць 2/3 ад тарыфнай стаўкі ці службовага акладу. Якія яшчэ сюрпрызы рыхтуе беларусам эканамічная сытуацыя?

Адно з найбуйнейшых прадпрыемстваў Беларусі — Менскі аўтамабільны завод — пад пагрозай спыненьня вытворчасьці. Працоўныя не выключаюць, што ад сакавіка канвэеры стануць. У лютым МАЗ ужо перайшоў на трохдзённы працоўны тыдзень: вырабленая тэхніка не рэалізуецца, пляцоўкі перапоўненыя машынамі.

Такая сытуацыя ўжо ўдарыла па кішэні супрацоўнікаў заводу. У залежнасьці ад кваліфікацыі спэцыялістаў, скарачэньне заробкаў склала 30-50%. Той, хто да крызісу зарабляў 1,5-2 мільёны рублёў, цяпер мае толькі палову. Як патлумачыў адзін з інжынэрна-тэхнічных работнікаў, асноўным складнікам высокіх заробкаў былі прэміяльныя ад экспарту тэхнікі. Прэміі складалі да 30% зарплаты. Цяпер экспарту практычна няма, і пэрспэктывы аднаўленьня паставак за мяжу цьмяныя.

У крыху лепшай сытуацыі працаўнікі Менскага трактарнага заводу, хоць, паводле афіцыйнай статыстыкі, у студзені вытворчасьць трактароў і спэцтэхнікі зьніжана на 50%. Кіраўніцтва прадпрыемства тлумачыць: цяпер “у запас” трактароў амаль не вырабляюць, бо найперш задавальняюцца замовы, пацьверджаныя жывымі грашыма. Таксама ў адміністрацыі не хаваюць, што ўратавала сытуацыю рашэньне ўраду выдаткаваць сродкі на “разгрузку” сельгасарыентаваных прадпрыемстваў напярэдадні пасяўной. Пакуль МТЗ у больш прывілеяваным становішчы, чым іншыя прамысловыя гіганты:

Як ні круці, а палеткі араць трэба. Чым араць? Трактарамі, плугамі заводу шасьцерняў. Жанчын жа не запражэш!
“Будзем спадзявацца на лепшае, бо калектыў жа заводу вялізны. Заробкі ў людзей нармальныя, за 1 мільён 700 тысяч рублёў у сярэднім перавалілі. Да таго ж урад выдаткаваў сельскай гаспадарцы сродкі. Частка грошай пойдзе на набыцьцё тэхнікі, у тым ліку трактароў — пакуль яшчэ вызначаецца, якія менавіта гэта будуць трактары. То бок сельскую гаспадарку дзяржава ў любым выпадку будзе падтрымліваць, і частка гэтай падтрымкі выльецца ў тое, што будуць набываць трактары, камбайны. Як ні круці, а палеткі араць трэба. Чым араць? Трактарамі, плугамі заводу шасьцерняў. Жанчын жа не запражэш! І валоў таксама ўжо не засталося…”

Аднак сытуацыя на бальшыні прадпрыемстваў далёкая ад ідэальнай. Асабліва цярпяць рэгіянальныя падразьдзяленьні. Шмат якія зь іх — зборачныя цэхі тых жа МТЗ, МАЗу ды іншых менскіх заводаў. Скарачэньне вытворчасьці на галаўных прадпрыемствах фактычна паралізуе працу ў філіялах, дзе заробкі і без таго былі сьціплыя. Самая распаўсюджаная практыка “аздараўленьня” сытуацыі — выпраўленьне людзей у адпачынкі, часта нават без захаваньня заробнай платы.

Кіраўніца юрыдычнай службы Незалежнага прафсаюзу радыёэлектроннай прамысловасьці Алена Яськова зьвяртае ўвагу на тое, што ў часы крызісу людзі павінны асабліва дбаць пра свае правы і дамагацца грашовай кампэнсацыі згодна з Працоўным кодэксам:

“Тое, што зараз людзей выпраўляюць у кароткатэрміновыя адпачынкі без захаваньня заробнай платы альбо ўсталёўваюць няпоўны працоўны тыдзень, — усё гэта зьвязана з эканамічнай сытуацыяй: падзеньнем аб’ёмаў вытворчасьці прадукцыі, тавараў ці нейкіх паслугаў. У адпаведнасьці з Працоўным кодэксам, артыкулам 34-м, падзеньне аб’ёмаў вытворчасьці і часовая адсутнасьць працы кваліфікуецца як прастой. Таму ўсё, што адбываецца, гэта прастой па віне наймальніка, які ня можа забясьпечыць патрэбным аб’ёмам працы. Усё гэта прадугледжана графікам працаў, працоўнымі дамовамі і г.д. У дадзеным выпадку, калі няма магчымасьці перавесьці работніка на іншую працу, наймальнік павінен аплачваць яму гэты прастой у памеры 2/3 тарыфнай стаўкі акладу”.

Пра сумныя пэрспэктывы бюджэтнікі пачалі здагадвацца яшчэ ў апошнія месяцы мінулага году. Пастановай Савету міністраў ад 1 сьнежня тарыфная стаўка І разраду была зьменшаная на 15% — з 91 тысячы да 77 тысяч рублёў.

Па выніках гэтага году сярэдні заробак па краіне павінен быў скласьці 550 даляраў, а ў 2010-м заробак меркавалася давесьці да 700 даляраў.

Як лічаць некаторыя эканамісты, беларуская прамысловасьць дасягнула такой мяжы, што бліжэйшы год заводы могуць увогуле не працаваць, а толькі распрадаваць вырабленую прадукцыю. І з гледзішча ўраду важна не шукаць шляхі захаваньня заробкаў на перадкрызісным узроўні, а забясьпечыць рэгулярнасьць выплат. Пакуль тэрміны ўдаецца вытрымаць, але са згортваньнем экспарту, як кажуць на прадпрыемствах, чапляцца за звыклыя дні заробкаў усё складаней.

Аднак нават прадпрыемствы, якія пакуль не спыняюць канвэер, вымушаныя карэктаваць заробкі сваіх работнікаў. Супрацоўнік менскага заводу “Атлант” кажа, што занятасьць хоць і засталася на ранейшым узроўні, аднак ужо абвешчанае 20-працэнтнае зьніжэньне:

“Ёсьць аб’ёмы, працуем, нармальна працуем.
З аднаго боку ўжо падкасіла дэвальвацыя — атрымалі мінус 20%, і вось цяпер яшчэ мінус 20%.
І нібыта з пэрспэктывай таксама ўсё добра. Бо яшчэ ў студзені казалі: зь лютага плян зьменшыцца. У нас афіцыйна плян быў 515-610 лядоўняў за зьмену — гэта адзін канвэер вырабляе. Дык вось казалі, што ў лютым будзе 470. Нічога падобнага, нават павялічылі. У прынцыпе, збыт пайшоў. Перадусім пайшоў коштам Расеі. Практычна штодня прыяжджаюць машыны з Расеі і забіраюць лядоўні. Адгружаюць рэгулярна, плюс да ўсяго ёсьць замовы наперад. Праўда, разам з тым заробак панізілі, дзесьці на 20%. Прыкладам, у беларускіх атрымлівалі 1,5 мільёна „бруднымі“, зараз будзе тысяч на 300 меней. З аднаго боку ўжо падкасіла дэвальвацыя — атрымалі мінус 20%, і вось цяпер яшчэ мінус 20%”.

Летась віцэ-прэм’ер Уладзімер Сямашка на сустрэчы з дэпутатамі паабяцаў: у 2009-м памер сярэдняга заробку па народнай гаспадарцы складзе 590 даляраў, а ў бюджэтнай сфэры — 550 даляраў. Забясьпечыць прырост рэальных прыбыткаў плянавалася за кошт прагназаванага росту валавога ўнутранага прадукту (ВУП) на 10-12%. Аднак у зьвязку з эканамічным крызісам рэальныя заробкі скараюць зусім іншыя вяршыні, са знакам “мінус”. Паводле ацэнкі Міжнароднага валютнага фонду, рост ВУП Беларусі рэзка скароціцца — з 10% у 2008 годзе да 1,4% у 2009-м. МВФ рэкамэндаваў беларускім уладам спыніць падвышэньне заробкаў на дзяржаўных прадпрыемствах на ўзроўні 5%. Усе папярэднія падвышэньні, паводле экспэртаў фонду, былі эканамічна не падмацаваныя, паколькі істотна апярэджвалі нават прагназаваны рост вытворчасьці.
Ва ўмовах крызісу бальшыня галінаў эканомікі ня дасьць сваім супрацоўнікам і 5%, агучаных МВФ.
Аднак ва ўмовах крызісу бальшыня галінаў эканомікі ня дасьць сваім супрацоўнікам і 5%, агучаных МВФ.

У такой сытуацыі нават далёкія ад глябальных падзеяў людзі задаюцца адным і тым жа пытаньнем — калі чакаць заканчэньня эканамічнага каляпсу? Аднак нават дасьведчаныя спэцыялісты ставяць у сваіх прагнозах шматкроп’е. Вось што з нагоды крызісных зьяваў мяркуе доктар эканамічных навук Генадзь Лыч:

“Мне ўяўляецца, што гэты крызіс вельмі складаны. І тут ня толькі ён зьвязаны з тымі крызісамі, якія калісьці былі і былі выкліканыя пераходам ад аднаго эканамічнага ладу да іншага, масавай заменай састарэлых сродкаў вытворчасьці новымі. Я не выключаю, што тут, магчыма, вядуцца і пэўныя гульні людзей, моцных у сусьветнай эканоміцы, якія могуць уплываць на ход сусьветнай эканомікі, асабліва ў фінансавай сфэры. Я гэтага не выключаю. Але ж доказаў гэтаму ў мяне ніякіх няма. І я ня ведаю, у каго яны ёсьць. Яны ёсьць хіба што ў тых, хто замуціў гэтую ваду, каб выйсьці з гэтай мутнай вады мацнейшым…”