У пераважнай большасьці за свае замовы з рэклямнымі фірмамі не разьлічваюцца дзяржаўныя прадпрыемствы. Наагул, колькасьць замоваў на вонкавую рэкляму ў новым годзе зьнізілася больш як на 30% .
Рэклямнае агенства “Жук” — адно з найбуйнейшых у Горадні. Дырэктар, Алена Жук, кажа, што праблемы з разьлікамі пачаліся з канца мінулага году:
“Скажам, да канца мінулага году сытуацыя выглядала інакш. Калі, да прыкладу, узяць прадпрыемствы грамадзкага харчаваньня — скажам, Ваўкавыскае, Зэльвенскае, — то яны не маглі разьлічыцца й не разьлічваюцца.
перасталі замаўляць рэкляму, бо ведаюць, што не разьлічацца...
Але ёсьць структуры, якія разьлічваліся, але цяпер перасталі замаўляць рэкляму, бо ведаюць, што не разьлічацца. Такіх зараз звыш 30%”.
Дырэктарка рэклямнага агенцтва распавядае, што спрабуе ўтрымаць сытуацыю, каб не звальняць людзей, але, зь яе слоў, цяпер вельмі складана выплаціць работнікам годны заробак.
Алена Жук таксама лічыць, што калі сытуацыя на рынку ня зьменіцца, то першымі зьнікнуць дробныя агенцтвы.
“Ім складаней, бо яны наагул страцілі замовы. У іх слабая база, і яны хутчэй пазагінаюцца, ім вельмі складана”.
Кіраўнік невялічкай рэклямнай фірмы ў Лідзе, якая займаецца пераважна вонкавай рэклямай, спадар Аляксандар распавядае, што ў іх крызіс з разьлікамі пачаўся ў верасьні мінулага году.
“У асноўным гэта дзяржпрадпрыемствы. Яшчэ зь мінулага году, акрамя абяцаньняў разьлічыцца, нічога так і няма. Ну, а мы што — чакаем”.
Са слоў спадара Аляксандра, замовы ў іх таксама ўпалі больш як на 30%, і гэты спад працягваецца надалей. Кіраўнік рэклямнага агенцтва лічыць, што месяц люты можа быць вызначальным ня толькі для іхнай фірмы, але й для канкурэнтаў. Зь яго слоў, усе могуць страціць працу.