Міністэрства інфармацыі не рыхтуе законапраектаў пра рэгуляваньне сеціўных мэдыяў, паведаміла першая намесьніца міністра Лілія Ананіч.
“Сёньня ў Мінінформе не вядзецца распрацоўка якіх-небудзь юрыдычных актаў ці праектаў у справе рэгуляваньня інтэрнэт-СМІ”, - паведаміла Ананіч журналістам.
Новы закон “Аб СМІ”, які пачынае дзейнічаць 8 лютага, не рэгулюе выкарыстаньне такіх мэдыяў, зазначыла чыноўніца.
“Сёньня ў дзяржавы неабходнасьці рэгуляваньня інтэрнэт-СМІ няма”, - цытуе Інтэрфакс словы Ліліі Ананіч.
“Рэгістрацыя СМІ стала больш зразумелай, больш простай”, - перакананая Ананіч.
“Ад 8-га лютага новыя СМІ не павінныя будуць зьвяртацца ў мясцовыя органы ўлады для рэгістрацыі, а павінны будуць падаваць свае дакумэнты ў Міністэрства інфармацыі”, - патлумачыла першая намесьніца міністра.
Лілія Ананіч прызнала, што існуе праблема, калі журналісты ня могуць атрымаць інфармацыю зь дзяржаўных органаў.
“Але ў дзяржаўнага органу заўсёды ёсьць мерапрыемствы, якія ладзяцца без шырокай агалоскі, і праблемы, якія трэба вырашаць у цесным коле”, - разважае чыноўніца. “Аднак інфармацыю не па асобным мерапрыемствам, а па працы галіны адпаведная прэсавая служба павінная давай найбольш падрабязна”.
Днямі Аляксандар Лукашэнка надпісаў загад пра працу прэсавых сакратароў і прэсавых службаў. Паводле першай намесьніцы кіраўніка Адміністрацыі прэзыдэнта Натальлі Пяткевіч, загад абавязвае прэсавых сакратароў і прэсавыя службы кантактаваць са СМІ і даваць інфармацыю.
Відэа: Фрагэнт выступу Ліліі Ананіч