Віцебск: ЖКГ спадзяецца на мэцэнатаў

Віцебскае прадпрыемства ЖКГ заснавала банкаўскі рахунак для грашовых ахвяраваньняў на добраўпарадкаваньне гораду. Дзяржаўных сродкаў на гэта даўно не стае.
У плянах кіраўніцтва прадпрыемства “Віцебская гарадзкая жыльлёва-камунальная гаспадарка” і рэканструкцыя гарадзкіх паркаў, і рэстаўрацыя дамоў на цэнтральнай вуліцы Леніна, і добраўпарадкаваньне набярэжнай Заходняй Дзьвіны, і пабудова лыжаролернай трасы ўздоўж рэчышча Віцьбы. Але на 2009 год з гарадзкога бюджэту на патрэбы камунальнікаў выдаткавана ўсяго 25 мільярдаў рублёў, таму тэрмінова спатрэбіліся спонсары і мэцэнаты.

Паведамляючы пра адкрыцьцё рахунку для грашовых ахвяраваньняў, намесьнік старшыні Віцебскага гарвыканкаму Павел Лосіч згадаў колішнія традыцыі мэцэнацтва – заможнага купца Еўзэля Гінцбурга, які жыў у Віцебску ў пачатку XIX стагодзьдзя, фінансаваў будаўніцтва чыгункі і ўтрымліваў асьветніцкія габрэйскія суполкі, а таксама мясцовага адваката Гольдбэрга – той дапамагаў грашыма славутаму Марку Шагалу падчас ягонага навучаньня ў Пецярбургу.

У адрозьненьне ад папярэднікаў, фінансавы ўдзел у навядзеньні парадку ў Віцебску не выглядае цалкам добраахвотным: намесьнік старшыні гарвыканкаму зазначыў, што на рахунак ЖКГ мусяць трапіць грошы, заробленыя падчас суботнікаў віцебскімі прадпрыемствамі. Першы такі суботнік пройдзе ў сакавіку сёлета.