“Людзі хочуць больш паесьці, чым адзецца”

У Мазыры эканамічны крызіс спрычыніўся да стратнай працы 13 прамысловых прадпрыемстваў. У іх ліку — ААТ “Мазырдрэў”, мэблевая фабрыка, трыкатажная фабрыка “Славянка”, прыватнае ўнітарнае прадпрыемства “Мазырскія малочныя прадукты”.

У шэрагу прадпрыемстваў — такіх, як ААТ “Беларускабель”, завод сельскагаспадарчага машынабудаваньня “Мазырсельмаш” — узьніклі вялікія цяжкасьці са збытам прадукцыі. Сярэднемесячныя запасы яе перавышаныя амаль удвая.

Распавядае рабочы заводу “Мазырсельмаш”:

“Выпускаем цеплагенэратары, газавыя катлы. Іх звычайна прадавалі ў Расею. А там зараз ці то браць іх ня хочуць, ці то кошты зьнізілі. І цяпер наша прадукцыя стаіць на складзе, завод ня можа яе рэалізаваць”.

Няма збыту — няма й фінансавых паступленьняў. Адпаведна цярпіць і калектыў:

“Заробкі зьнізіліся, скасавалі прэміяльныя даплаты. Людзі ў сярэднім атрымліваюць каля 400 тысяч рублёў — токары, зваршчыкі, сьлесары. Калі раней наладчыкі станкоў мелі заробак блізу 800 тысяч рублёў, то цяпер напалову меней — каля чатырохсот тысяч. Прадукцыя ж не рэалізуецца”.

Праблемы са збытам гатовай прадукцыі цяпер у Мазыры мае нават найбольш пасьпяховае швейнае прадпрыемства “Надэкс”, дзе вырабляюцца мужчынскія й дзіцячыя кашулі, жаночыя блюзы:

“Нарасхват цяпер нічога ня йдзе — ні ў Расеі, ні ў Беларусі. Цяпер, пэўна ж, людзі хочуць больш паесьці, чым адзецца”.