Дзярждэпартамэнт ЗША заявіў пра абразьлівае абыходжаньне з асуджаным амэрыканскім грамадзянінам Эмануілам Зэльцэрам у беларускай турме.
Заяву распаўсюдзіў тэлеканал FOX News са спасылкай на сьпікера Дзярждэпартамэнту ЗША Эндру Лэйна.
Прадстаўнік новай амэрыканскай адміністрацыі Лэйн у размове з тэлеканалам паведаміў, што супрацоўнікі амбасады ЗША ў Менску ў межах сваіх рэгулярных сустрэч з Зэльцэрам, выказалі пратэст у сувязі зь ягоным ўтрыманьнем за кратамі.
Лэйн сказаў, што дыпляматы таксама прасілі забясьпечыць Зэльцэру “адпаведнае мэдычнае лекаваньне ў сувязі з ягоным цяжкім станам”.
Гэтую заяву вітаў былы прадстаўнік амэрыканскай адміністрацыі Трэнт Дафі. Колішні памочнік прэзыдэнта Буша, а цяпер кіраўнік вашынгтонскай піяр- кампаніі, якая належыць прыхільнікам Зэльцэра, назваў выказваньні Лэйна “найбольш моцнай заявай” з усіх зробленых дагэтуль урадам ЗША ў дачыненьні да сытуацыі з Зэльцэрам.
"Упершыню ўрад Абамы заявіў пра Зэльцэра”, - дадаў Дафі.
22 студзеня прадстаўнік Дзяржаўнага дэпартамэнту знаходзіўся ў Менску, ён сустракаўся з беларускімі афіцыйнымі асобамі, абмяркоўваў консульскія пытаньні, зьвязаныя з грамадзянамі ЗША. У тым ліку, як падае FOX News, размова ішла і пра Зэльцэра.