Сёньня на Берасьцейшчыне адзначаць 264-я ўгодкі з дня нараджэньня славутага земляка Андрэя Тадэвуша Банавэнтуры Касьцюшкі, нацыянальнага героя Злучаных Штатаў Амэрыкі і Польшчы, ганаровага грамадзяніна Францыі.
Дырэктарка мэмарыяльнага музэю Тадэвуша Касьцюшкі ў фальварку Мерачоўшчына Івацэвіцкага раёну Ірына Анціпенка паведаміла “Свабодзе”, што а 12-й гадзіне адбудзецца ўрачыстае ўскладаньне кветак. Са словаў суразмоўцы, чакаецца прыезд супрацоўнікаў амбасады ЗША ў Менску, а таксама амбасады Рэспублікі Польшчы ў Менску. Далучацца да сьвяткаваньня прадстаўнікі дэмакратычных арганізацыяў і рухаў Беларусі.