У Маскве пасьля сустрэчы “сам-насам” кіраўнікі Беларусі і Расеі Аляксандар Лукашэнка і Дзьмітрый Мядзьведзеў правялі паседжаньне Найвышэйшай рады "саюзнай дзяржавы”.
Падчас сустрэчы “сам-насам” Аляксандар Лукашэнка заявіў:
"Нам хаваць няма чаго, мы абсалютна шчырыя ў сваёй палітыцы адносна Расеі”.
Паводле БелТА, парадак дня паседжаньня дзяржаўнай рады ўключае пытаньні захадаў для пераадоленьня ўплыву ўсясьветнага фінансава-эканамічнага крызісу на эканомікі Беларусі і Расеі, узаемадзеяньня ў фінансава-крэдытнай сфэры, супрацоўніцтва ў вайскова-тэхнічнай галіне. Таксама будзе абмеркавана праграма ўзгодненых дзеяньняў у галіне замежнай палітыкі.
Паводле расейскай прэсы, парадак дня паседжаньня рыхтавалі да ночы.
Чакаецца, што падчас сустрэчы будзе разглядацца пытаньне аб выдзяленьні крэдытаў Беларусі. Напярэдадні на сустрэчы прэм’ераў Беларусі і Расеі бакі дамовіліся, што рэшту 2-мільярднага расейскага крэдыту афіцыйны Менск атрымае ў лютым.
Падчас сьнежаньскай сустрэчы зь Дзьмітрыем Мядзьведзевым Аляксандар Лукашэнка папрасіў яшчэ адзін крэдыт на 100 мільярдаў расейскіх рублёў для стварэньня рублёвай рэзэрвы і пераходу на рублі ў двухбаковым гандлі. Пакуль Масква гэтую просьбу адхіліла.