Глыбоцкі райвыканкам не дазволіў праводзіць пікеты ў абарону недзяржаўнай газэты “Вольнае Глыбокае” на гарадзкім кірмашы - там, дзе распаўсюджваецца адзінае на Віцебшчыне незалежнае выданьне.
Актывіст руху “За свабоду” Яраслаў Берніковіч атрымаў ад глыбоцкіх уладаў пісьмовую адмову наконт пікетаў, якія меркаваў праводзіць з 11 лютага да 26 сакавіка. Глыбоцкі райвыканкам спаслаўся на ўласную пастанову, згодна зь якой праводзіць грамадзкія акцыі на кірмашах нельга - яны дазволеныя толькі на ўскрайку райцэнтру, каля будынка раённага Дома культуры, дзе звычайна бывае зусім мала мінакоў.
Праводзіць пікеты ў гэтым месцы глыбоцкія актывісты лічаць немэтазгодным. Бараніць інтарэсы газэты “Вольнае Глыбокае”, якая ў 2006 годзе была выключана з падпіснога каталёга й распаўсюджваецца выключна намаганьнямі галоўнага рэдактара і заснавальніка Ўладзімера Скрабатуна, яны мяркуюць іншымі шляхамі. Так, у студзені гэтага году актывісты сабралі подпісы пад калектыўным лістом да кіраўніка раённага вузла сувязі Алега Пачкоўскага з патрабаваньнем патлумачыць, чаму на “Вольнае Глыбокае” скасаваная і дагэтуль не адноўленая падпіска, як, да прыкладу, на газэты “Народная воля” і “Наша Ніва”. Але адказу на гэты ліст так і не атрымалі.
Да акцыяў, каб падтрымаць газэту “Вольнае Глыбокае”, далучыліся віцебскія сябры БАЖ. Яны накіравалі заявы старшыні Глыбоцкага райвыканкаму і кіраўніку ідэалягічнага аддзелу з патрабаваньнем патлумачыць, чаму дзьве рэгіянальныя газэты - дзяржаўная раёнка “Весьнік Глыбоччыны” і незалежнае выданьне “Вольнае Глыбокае” - маюць няроўныя правы і чаму праз гэта абмяжоўваецца канстытуцыйнае права чытачоў на атрыманьне праўдзівай і рознабаковай інфармацыі.