Людзі за лесам

Вёска Радзькавічы так добра схавалася ў лясах Лагойскага раёну, што калі б не ўказальнік, даведацца, дзе яна, было б немагчыма. Асабліва ўзімку, калі ўсё замятае сьнегам. З дарогі вёскі не відаць, а накатаць бачнай дарогі па нядаўнім сьнезе машыны не пасьпелі — ня часта яны ў Радзькавічы заяжджаюць, няма тут надта да каго машыны ганяць.


Так выглядае дарога на Радзькавічы

Шукаць у засьнежаных лясах Лагойшчыны невялічкую вёску Радзькавічы мяне прымусілі расказы пра Раісу Макараўну Вярбіцкую. Калі падчас мінулых камандзіровак у гэтыя мясьціны прасіў тутэйшых жыхароў, каб падказалі цікавага чалавека, то часта называлі яе імя. Казалі — на яе вышыванкі варта паглядзець.

Сама ж Раіса Макараўна ставіцца да сваіх вырабаў спакойна. Кажа, займаецца гэтай справай, каб было чым сябе заняць.

Раіса Вярбіцкая: “Легчы спаць — ня ляжаш рана, бяссоньніца ў старых людзей. А трэба ж нечым заняцца, шукаеш сам сабе работу. Пашыць, зашыць, зьвязаць… Вось такую працу мы і знаходзім для сябе, гэта наша жаночая праца”.

Карэспандэнт: “Вышылі вы такую прыгожую посьцілку, але ж яна, відаць, так у вас і застанецца, сыны-дачкі ў горад не забяруць?”

Раіса Вярбіцкая: “Не забяруць. Гэта ня модна, ім гэта не падабаецца. А мне гэта падабаецца, я гэта люблю. Яны таксама часам палюбуюцца, але махнуць так рукой… „Мама, гэта нам ня трэба, нашто табе?“ А я зраблю — няхай будзе!”

Карэспандэнт: “Можа, яшчэ і мода вернецца?”

Раіса Вярбіцкая: “Можа, і вернецца! Моды ж варочаюцца. Але гэта маё такое задавальненьне. Я люблю гэтым займацца”.

Раіса Вярбіцкая і яе посьцілка на канапе

Раіса Макараўна нарадзілася ў Радзькавічах і ўсё жыцьцё тут пражыла. Адразу пасьля школы пайшла працаваць у калгасную бухгальтэрыю.
Была адзіным дзіцём у бацькоў, а ім, людзям 1893 году нараджэньня, дзяржава пэнсіі не налічыла.
Пасьля 13 гадоў працавала загадчыцай — спачатку клюбу, а як яго зачынілі, то крамы. Яна адзіная з усёй сваёй клясы, хто застаўся ў роднай вёсцы, ня зьехаў у горад. Кажа, была адзіным дзіцём у бацькоў, а ім, людзям 1893 году нараджэньня, дзяржава пэнсіі не налічыла. Вось і засталася іх даглядаць. А калі і яны нарэшце пачалі нешта атрымліваць, кудысьці ехаць ужо было позна.

Раіса Вярбіцкая: “Ім як далі ўжо па гэтых 8-50 (нават пра 50 капеек яшчэ памятаю!), я ўзрадавалася, і яны ўзрадаваліся. Што мы цяпер багатыя. “Мая ты дачушка! Мы твайго хлеба есьці ня будзем, а мы зарабілі на свой кавалак хлеба”. А я сьмяюся і плачу, крычу: “Што вы, мама і тата! Я вас дагледжу, вы пакрыўджаныя ня будзеце”.

Але цяпер пра страчаную магчымасьць гарадзкога жыцьця не шкадуе.

Раіса Вярбіцкая: “Я тут нарадзілася, я тут жыла, і я прывыкшы да гэтага. Толькі гэта мяне цягне. Можа, наша вёска і не харашэйшая за іншыя вёскі, але так як тут нарадзілася і жыла, маё дзяцінства тут прайшло — падаецца, што яна лепшая за ўсе!”

І нягледзячы на тое, што сёньня Радзькавічы можна з поўным правам назваць паміраючай вёскай, жанчына верыць у яе будучыню.

Раіса Вярбіцкая: “Цяпер нічога няма, нашы калгасы-саўгасы ўсе разбурыліся, усе паўцякалі. Мы ж ужо ня будзем нараджаць дзяцей. Мы ўжо сталыя. Моладзь наша ў горадзе нараджае дзяцей. Там насельніцтва павялічваецца. А што ў нас будзе? Нікога няма. І тых, хто нарадзіўся ў горадзе, сюды ня вернеш. Мы чуем па тэлевізары: і там, і там адраджаюцца вёскі. Нават зайздросна паглядзець. Але ўсе адразу іх не адродзіш — іх вельмі шмат, вёсак пустых. Але з часам, можа, і наша вёска зажыве!”

Празь некалькі двароў ад хаты Раісы Макараўны гучна забухалі сякеры. Як высьветлілася — трое мужчын сям’і Леановічаў секлі дровы. Падышоў пазнаёміцца да таго, хто махаў сякерай найбольш актыўна і, здаецца, камандаваў астатнімі двума. Мужчына прадставіўся Іванам Васільевічам.

Карэспандэнт: “А колькі ж вам, Іван Васільевіч, гадоў?”

Іван Леановіч: “Восемдзесят трэці ўжо”.

Карэспандэнт: “Няпраўда!”

Іван Леановіч: “Ну як няпраўда? Што я вам, буду маніць?! Гэта ўжо цяпер мне выходзіць 83 гады!”

Іван Васільевіч выявіўся чалавекам вясёлым. Нават няпростыя часы свайго “партызанскага” юнацтва ўзгадвае з усьмешкай.

Кажуць: „Калі пачнуць страляць — разварочвай каня і ўцякай“. Яны таксама хітрыя — гэта каб я так фашыстаў на сябе выклікаў.
Іван Леановіч
: “У часы гэтай партызаншчыны тут жа былі ўсякія партызаны. Былі і харошыя, былі і дрэнныя. Вазіў я іх, але ж які я быў! Езьдзілі карныя атрады па начах. Возьмуць мяне: „Вязі!“ Пад Рудню ці Якубавічы, была такая вёска. Кажуць: „Калі пачнуць страляць — разварочвай каня і ўцякай“. А куды ж я буду ўцякаць?! Яны таксама хітрыя — гэта каб я так фашыстаў на сябе выклікаў. Дык я думаю: „У выпадку чаго кідаю каня і цягу ў лес!“ Вось так і вазіў тых партызанаў, хай іх няхай іх!”

Іван Леановіч

Пасьля вызваленьня Беларусі яго забралі ў войска, быў два разы паранены, вярнуўся з вайны інвалідам 2-й групы, аскепак нямецкай бомбы да гэтага часу застаўся ў яго ў назе. Але сядзець на печы пасьля вайны ня выпала.

Іван Леановіч: “Няма кавалачка зямлі, які б не араў. Валамі аралі. Ведаеце, што такое валы? Разумная жывёла, хоць, здаецца, і карова, ці хто гэта. Камандуеш імі, і яны ідуць, куды трэба. А ў 63-м годзе, калі з калгасаў зрабілі саўгасы і сталі грошы плаціць, а не працавалі на „палачкі“, стала добра. Пайшоў у будаўнічую брыгаду. А пасьля наш лясьнічы Чычыкаў прыстаў да мяне, каб пайшоў лясьнічым. Я не хацеў ісьці. Думаў — будуць людзі красьці лес, будуць мяне апастыляцца. Але ён так прыстаў, што я пагадзіўся і 25 гадоў адбахаў лясьнічым”.

Памочнікі Івана Васільевіча аказаліся ягонымі сынамі, якія на выходныя прыехалі да бацькоў у госьці са сталіцы. Сам ён застаўся жыць удвох з жонкай, якая таксама мае пад 80 гадоў.

Карэспандэнт: “Гляджу, і зараз сіла ў руках ёсьць — вунь як сякерай махаеце. А ці трымаеце якую гаспадарку?”

Іван Леановіч: “Трымалі да гэтага часу карову, але сёлета здалі — ня стаў я магчы хадзіць, ногі баляць. А так, конь ёсьць. І кабаноў заўсёды па два трымалі”.

І, хітра паглядаючы на сыноў, заўважыў, што быў бы ня супраць, каб яны вярнуліся зь Менску ў бацькоўскую хату. Тым больш, кажа, што адзін ужо на пэнсіі, другі пойдзе праз год. З гэтым пытаньнем і зьвяртаюся да малодшага, Васіля Леановіча.

Васіль Леановіч

Карэспандэнт: “Ці вярнуліся б вы ў бацькоўскую хату?”

Васіль Леановіч: “Вось на пэнсію пайду, будзе бачна”.

Карэспандэнт: “А дзе працуеце?”

Васіль Леановіч: “У Беларускім доме друку”.

Карэспандэнт: “Вось пойдзеце на пэнсію, прыедзеце на вёску — і чым займацца будзеце?”

Васіль Леановіч: “А чым тут займацца? Няма чым. У паляўнічыя ўступлю. На паляваньне буду хадзіць. Бо працы тут ніякай няма”.

З тым жа пытаньнем падыходжу да старэйшага, Івана.

Іван Леановіч: “А як на нашу пэнсію пражыць, скажы, калі ласка? Не пражывеш!”

Карэспандэнт: “А дзе вы працавалі?”

Іван Леановіч: “У Акадэміі абароны”.

Карэспандэнт: “Ня думаю, што ў чалавека ў пагонах малая пэнсія…”

Іван Леановіч: “У каго пагоны, у тых пэнсія вялікая. А ў такіх простых, як я, якія ў друкарні працавалі, няма заробку”.

Карэспандэнт: “Але ж якіх тысяч 500-600 пэнсіі ёсьць?”

Іван Леановіч: “400! Я жыву адзін, бо калі захварэў, кінулі мяне ўсе, але я выжыў і зноў працую па спэцыяльнасьці, у друкарні. У дзяржаўнай, праўда, і заробкі там малыя, але да пэнсіі — і хапае. Да бацькоў прыехаў, унукам падарунак набыць. А вёска наша ўжо ўсё, няма…”

Васіль Леановіч

Раптам з хаты выбегла гаспадыня — Яніна Давыдаўна. Убачыўшы гасьцей, вырашыла абавязкова іх пачаставаць хоць гарбатай.

Яніна Давыдаўна: “Ай! Можа і ня еўшыя цэлы дзень?”

Карэспандэнт: “Дзякуй, пад’еўшыя. Раскажыце нам, бабуля, ці цяжка вам жыць на вёсцы?”

Жывём, пэнсію атрымліваем, старычок яшчэ ходзіць. Дык няма чаго і крыўдаваць на жыцьцё.
Яніна Давыдаўна
: “Жывём, пэнсію атрымліваем, старычок яшчэ ходзіць. Дык няма чаго і крыўдаваць на жыцьцё”.

Ядзьвіга Драгун таксама мае 83 гады. У вайну яе вывезьлі на працу ў Нямеччыну. Але не пасьпела дзяўчына вернуцца ў 1945 годзе з аднаго рабства, як патрапіла ў другое — савецкае. Спакусілася на абяцанкі добрых заробкаў на торфазаводзе, а патрапіла на будаўніцтва вузкакалейкі ў лясах пад Жодзіна. Да месца працы трэба было ісьці 8 кілямэтраў пешкі, кармілі гнілой капустай, а ў выніку нічога за 6 месяцаў працы не заплацілі. Потым была бясконцая праца ў калгасе за працадні, сьмерць сына, шмат чаго яшчэ… І сёньня, згадваючы жыцьцё, спадарыня Ядзьвіга ня бачыць там амаль нічога сьветлага.

Ядзьвіга Драгун: “Так, каб што назваць сьветлае, то нічога не было. Вось толькі такое жыцьцё. Цяпер стала добра. Але ж столькі пражыць! Мне ўжо і нецікава… Дый навошта я ўжо каму?”

Праўда, сын прапаноўваў забраць у Менск, да сябе, але яна не захацела. Вочы, кажа, сталі дрэнна бачыць, таму гаспадарку не трымае, шыць-вязаць ня можа. Адзіная забава — тэлевізар.

Ядзьвіга Драгун: “Вочы ня бачаць, дык я нічым не займаюся. Уключу тэлевізар і гляджу цэлы вечар. Я слухаю і кажу: „Гэта і ў інстытут ня трэба паступаць. Каб толькі адзін ціхенька сядзеў, усё разабраўся б, што гавораць!“ Я гэтак слухаю і параўноўваю — недзе праўду скажуць, недзе няпраўду, але я ўсё слухаю на сьвеце, як уключу!”

Але як ні ўслухоўваецца бабуля ў тэлевізар, зразумець, адкуль узяўся крызіс, ніяк ня можа.

Ядзьвіга Драгун: “Я вось слухаю, як надта шмат намалочваюць, надта ўраджаі добрыя. І чаму кажуць, што стаў нейкі крызіс? Ад чаго крызіс, калі ўсяго хапае? І зерня, і караняплодаў, і жывёлы столькі нагадавалі ўжо — сьвіней ды кароў! Ад чаго можа быць недахоп? Вось гэта мне пытаньне каму задаць: “Чаму гэта?”

Ядзьвіга Драгун
Але незаўважна сама адказвае на сваё пытаньне.

Ядзьвіга Драгун: “Я сама выпісвала ў калгасе зерне. І сама сабе думаю: „Мы ж даўней таксама выпісвалі зерне курам, бо свайго мала сеялі. Дык раней было зернейка ў зернейка. А цяпер прывязеш, дык і курыца капаецца, есьці ня хоча“. Чорнае нейкае, цёмнае. Нам, канечне, прадаюць фуражнае, а не семянное. Але даўней гэткага не было зерня!”

І нават ведае, хто ва ўсім вінаваты. Канечне ж, не Лукашэнка.

Ядзьвіга Драгун: “Я яму веру. Можа, яму зманяць… Я думаю, ён крэпка чэсны чалавек, калі слухаю, як ён гаворыць. Думаю, што яму маняць гэтыя ніжэйшыя. Бо як вунь знаходзяць такіх жулікаў, што і робяць, і гавораць разам зь ім, а тады трах! — устрояць нейкую там штуку. І я думаю: „Бачыце, ён усяго і ня ведае, а калі даведаецца, дык бярэцца за іх, каб чэсна жылі і рабілі для людзей“. Сталін усяго ня ведаў! Свае падманвалі. Гэтаксама і Лукашэнку цяпер свае падманваюць”.

Станавілася цёмна. Час быў разьвітвацца. А Ядзьвіга Драгун, пажадаўшы шчасьлівага шляху, пайшла ўключаць тэлевізар — працягваць сваю “інстытуцкую” адукацыю.