У праграме “Званкі на Свабоду” эканаміст Леанід Злотнікаў адказвае на пытаньне, навошта ўлады Беларусі просяць крэдыты ў іншых дзяржаваў і міжнародных фінансавых арганізацыяў. Слухачы камэнтуюць абяцаньні старшыні Нацыянальнага банку Пятра Пракаповіча не дапусьціць далейшай дэвальвацыі беларускага рубля. Філёзаф і культуроляг Валянцін Акудовіч адказвае на пытаньне, што такое сьвятая Русь.
У Маскве ў пятніцу адбываліся перамовы кіраўнікоў урадаў Беларусі і Расеі. Галоўная тэма — распрацоўка сумеснага пляну пераадоленьня наступстваў эканамічнага крызісу.
Расея не разглядае просьбу Беларусі выдаць 100 мільярдаў рублёў крэдыту ў абмен на пераход на разьлікі ў рублях ва ўзаемным гандлі, паведаміў намесьнік кіраўніка Мінфіну РФ Дзьмітрый Панкін. Як вядома, напрыканцы сьнежня Беларусь папрасіла ў Расеі такі крэдыт дзеля пераходу ў разьліках на расейскія рублі.
Cпадар: “Уважліва слухаю эканамістаў... Вось зараз мы просім сто мільярдаў расейскіх рублёў, але ж Пракаповіч заяўляе, што ў нас засталося золатавалютных рэзэрваў 3 з гакам мільярды даляраў. Калі перавесьці гэтыя 3 з гакам мільярды даляраў у расейскія рублі, дык атрымліваецца, мы просім крэдыт на столькі, колькі ў нас засталося золатавалютных запасаў. Што гэта за эканоміка?”
Слухачу адказвае эканаміст Леанід Злотнікаў:
“Працягваюць існаваць неэфэктыўныя прадпрыемствы, якія не зарабляюць столькі, колькі спажываюць. Таксама падтрымліваецца сацыяльная сфэра. Паступленьні валюты скараціліся. Каб захаваць узровень жыцьця, патрэбная зьнешняя падтрымка. Калі такой падтрымкі ня будзе, золатавалютныя запасы скончацца праз 2—3 месяцы. Таму патрэбная падушка бясьпекі. Яна павінна быць на некалькі месяцаў наперад”.
У працяг тэмы эканамічнага крызісу — такое тэлефанаваньне:
Cпадар: “Учора старшыня Нацбанку Пракаповіч хваліўся, што быццам беларускай эканоміцы крызіс ня страшны, што беларускі рубель будзе моцны. Давайце ўзгадаем, як той жа Пракаповіч два месяцы таму заяўляў, што да новага году даляр не перавысіць 2200. Але гэта было толькі на бягучым радку тэлебачаньня, а ў банках даляр каштаваў 2270. А за навагоднюю ноч беларускі рубель апусьціўся на 20 адсоткаў. Гэта не падман? А тыя мізэрныя золатавалютныя рэзэрвы, якімі пахваляўся ўчора Пракаповіч, ці ж гэта ад канкурэнтаздольных тавараў? Дык няхай Пракаповіч і Лукашэнка скажуць дзякуй Эўразьвязу за тое, што яны купляюць у нас лес. І гэты пралаз хутка скончыцца”.
Нашая слухачка цікавіцца:
Cпадарыня: “Можа, навукоўцы растлумачаць, што такое Сьвятая Русь? Гэта нейкая філязофская, праваслаўная, рэлігійная, тэрытарыяльная, імпэрская ці нейкая далёкая гістарычная назва? Калі гэтая назва зьявілася? Хто яе прыдумаў? Для чаго? Ці маюць нейкія народы наканаванасьць уваходжаньня ў сьвятую Русь?”
На пытаньні адказвае філёзаф і культуроляг Валянцін Акудовіч:
“Агульны пасыл слогану “Сьвятая Русь” — у памкненьні маскоўскай дзяржавы стаць Трэцім Рымам. Масковія, перахопліваючы эстафэту праваслаўя ў Расеі, сфармавала ня толькі сваю місію, як быць Трэцім Рымам, але яна гэтым слоганам акрэсьліла месца, дзе гэтая місія можа быць рэалізаваная. Слоган “Сьвятая Русь” падтрымліваў і інтэрвэнцыю Маскоўскай дзяржавы ва ўсе бакі сьвету. Уваход у Сьвятую Русь адкрыты ўсім народам, якія прымаюць праваслаўе, якія тэрытарыяльна далучаюць сябе да Сьвятой Русі”.
Сярод тэмаў нядаўніх досьледаў Свабоды было выкарыстаньне дэтэктара хлусьні (паліграфа). Мы атрымалі водгук на тую праграму:
Cпадар: “Калі актывістаў апазыцыі змушаюць праверыцца на паліграфе, яны могуць запатрабаваць, каб сьледчы таксама адказваў на паліграфе на тыя самыя пытаньні. Такім чынам хутка стане зразумела, хто насамрэч злачынца. І адбіткі пальцаў трэба браць найперш у міліцыянтаў і асобаў у цывільным, бо ўзрываньне бомбаў і абыход сыстэмаў бясьпекі — гэта ўсё-ткі іх спэцыялізацыя”.
Шаноўныя слухачы! Нагадаем: тэлефон “Свабоды” ў Менску — 266-39-52, працуе 24 гадзіны на суткі. Нумар мабільнай сувязі для смс-паведамленьняў: 375.293.912.224. Тэлефануйце і пішыце! Дзяліцеся навінамі, выказвайце сваё стаўленьне да падзеяў у Беларусі і ў сьвеце. Мы таксама чакаем водгукаў на працу Радыё Свабода.