На Бабруйскім заводзе трактарных дэталяў і агрэгатаў з прычыны зьніжэньня паставак па каапэрацыі на Менскі трактарны завод ды экспарту ў Расею ўтварыліся вялікія запасы гатовай прадукцыі.
Каб пазбавіцца ад іх, прадпрыемства гатова на зьніжкі і адтэрміноўкі плацяжоў.
Цягам месяца ахвотнікам набыць адну з мадыфікацыяў малагабарытнага трактара “Беларус” завод дае дзесяціпрацэнтную зьніжку альбо растэрміноўку плацяжу на дзевяноста дзён. Паводле прадстаўніка завадзкой адміністрацыі, за першыя тры дні акцыі пакупнікоў на трактары не знайшлося:
“Тэлефануюць людзі пастаянна, але думаюць. Гэты трактар — мадэль новая ў нас, у плястыку, пад эўрапейскі стыль. Людзям нібыта цікава становіцца, і тое, што ў нас ёсьць, мы прадаём. Запасы свае на складзе мы зьмяншаем, менш становіцца тэхнікі”.
Летась у лістападзе й сьнежні Бабруйскі завод трактарных дэталяў і агрэгатаў паставіў прадукцыі ў Менск удвая менш, чым за папярэднія дзесяць месяцаў. У Расеі ж попыт на прадукцыю заводу зьменшыўся на 28%.
У маскоўскім акцыянэрным таварыстве “Прафмаш”, якое займаецца пастаўкамі беларускіх трактароў на расейскі рынак, паведамілі, што попыт на іх значна зьменшыўся:
“Пакупнікоў няма. Ды неяк цяпер не займаемся беларускай тэхнікай, больш экскаватарамі расейскімі ды грэйдэрамі”, — паведаміў начальнік аднаго з аддзелаў таварыства Іван Калінін.
Праблема затаваранасьці складоў бабруйскіх прадпрыемстваў — найбольш актуальная ў эканоміцы гораду. Учора гэта прызнаў старшыня гарвыканкаму Дзьмітры Бонахаў:
“Задача нумар адзін — зьніжэньне запасаў гатовай прадукцыі на складах шляхам яе рэалізацыі”.
Што да заводу трактарных дэталяў і агрэгатаў, то яго кіраўніцтва запэўнівае, што, нягледзячы на цяжкасьці, яно ня пойдзе на скарачэньне работнікаў, а толькі аптымізуе іх колькасьць. На прадпрыемстве працуе каля трох з паловай тысяч чалавек.