Больш за тры дзясяткі магілёўцаў сёньня прыйшлі ўшанаваць памяць ахвяраў Галакосту на месца, дзе ў 1941 годзе фашысты плянавалі зрабіць уваход у гета.
Летась у лістападзе тут усталявалі памятны знак габрэям — ахвярам нацызму. Сёньня каля яго рабіны магілёўскай сынагогі прачыталі малітвы, а пасьля іх да знаку леглі, паводле габрэйскай традыцыі, каменьчыкі, а таксама кветкі. Памятны знак асьвяцілі й шэсьць сьвечак, у памяць пра шэсьць мільёнаў забітых фашыстамі габрэяў.
Жалобная ўрачыстасьць адбылася з ініцыятывы магілёўскай габрэйскай грамады. Старшыня грамады Барыс Гольдэнбэрг падзякаваў людзям, якія прыйшлі сёньня да памятнага знаку.
“Мы ведаем, што па гэтым месцы больш за дзесяць тысяч габрэяў прайшлі ў свой апошні шлях. Аддамо даніну памяці ім у гэты дзень. Няхай гэтая трагедыя будзе нагадваць нам пра тыя ахвяры, якія панёс габрэйскі народ у тую страшэнную вайну. Няхай гэта будзе надзеяй, што такога больш не паўторыцца. І мы з вамі, і нашыя нашчадкі будуць шанаваць гэты дзень і ніколі ня зьведаюць таго, што зьведалі нашыя дзяды й прадзеды”, — казаў Барыс Гольдэнбэрг.
Дакладная колькасьць зьнішчаных у магілёўскім гета габрэяў дагэтуль невядомая. У гістарычнай літаратуры лічбы вагаюцца ад васьмі да дванаццаці тысяч. Тут расстрэльвалі яшчэ габрэяў, прывезеных са Слоніма й Польшчы. Памятныя знакі ўсталяваныя на месцах найбольш масавых пахаваньняў: на габрэйскіх могілках у Магілёве, а таксама ў магілёўскіх прадмесьцях: Любужы, Казіміраўцы й Пашкаве.
Усталяваньня памятнага знаку ахвярам нацызму магілёўская габрэйская грамада дамагалася не адзін год. Сродкі на яго выраб зьбіралі талакой. Грошы ахвяравалі больш за 200 чалавек.
Афіцыйных мерапрыемстваў да міжнароднага дня памяці ахвяраў Галакосту сёньня ў Магілёве не было.