Сёньня падчас Памеснага сабору, дзе адбываюцца выбары новага патрыярха Маскоўскага і ўсея Русі, кіраўнік Беларускай праваслаўнай царквы мітрапаліт Філарэт узяў самаадвод.
Ён заклікаў сваіх прыхільнікаў галасаваць за кандыдатуру мітрапаліта Смаленскага і Калініградзкага Кірыла. Кіраўнік прэс-службы Маскоўскай патрыярхіі айцец Уладзімер Вігілянскі патлумачыў:
“Мітрапаліт Філарэт сказаў, што пасьля доўгага роздуму ён вырашыў зьняць сваю кандыдатуру. Без нейкіх дадатковых тлумачэньняў. Ён папрасіў, каб тыя людзі, якія прагаласавалі за яго аддалі б свае галасы захавальніку пасаду патрыярха мітрапаліту Кірылу. Такім чынам, засталіся два прэтэндэнты на патрыяршы пасад – мітрапаліт Кірыл і мітрапаліт Клімэнт. Апроч таго было прынятае рашэньне ня ўносіць новых кандыдатаў на галасаваньне ў бюлетэні для выбараў патрыярха”.
Нагадаем, на Архірэйскім саборы былі абраны тры кандыдаты на патрыяршы пасад. Амаль дзьвесьце архірэяў бралі ўдзел у галасаваньні. 97 прагаласавалі за мітрапаліта Смаленскага і Калінінградзкага Кірыла, трыццаць два — за мітрапаліта Калускага і Бораўскага Клімэнта, і шаснаццаць — за мітрапаліта Менскага і Слуцкага Філарэта. Абраньне патрыярха павінна адбыцца 27 студзеня на Памесным саборы.