Купляйце беларускае, пакуль ёсьць

Выстава-кірмаш тавараў народнага ўжытку “Купляйце беларускае” будзе працаваць у менскім павільёне “Белэкспа” да 31 студзеня. Паводле начальніка інфармацыйна-аналітычнага аддзелу “Белэкспа” Сяргея Шарамецьцева, “экспазыцыя мае ў тым ліку і ідэалягічны характар: гэта яшчэ адзін крок у кірунку падтрымкі айчыннага вытворцы”.
А другой гадзіне дня ў павільёне “Белэкспа” на праспэкце Машэрава шумна і тлумна.

Перад уваходам стаіць грузавік зь беларускімі плястыкавымі дзіцячымі цацкамі і інвэнтаром для працы ў садзе. Па рыдлёўкі – чарга. Адна з пакупніц спрабуе вынайсьці, як 2 рыдлёўкі дапасаваць да вялікага пакунка з прадуктамі, каб зручна было несьці. Нягледзячы на нязручнасьці транспартаваньня, яна вельмі задаволеная:

“Для саду, для гароду набыла інвэнтар. Рыдлёўкі танныя. Адна каштавала пяць тысяч рублёў, другая – восем. А ў крамах тым часам толькі дзяржаньне для яе пацягне каля дзесяць тысяч... Ну і па дробязі – печыва, цукеркі дзецям, каўбасы...”

Карэспандэнтка: “Ну а як наагул напярэдадні часу, калі імпарту будзе меней, а айчынных прадуктаў болей?”
Беларускія таксама вельмі добрыя тавары...


“Добра! Беларускія – таксама вельмі добрыя тавары...”

Унутры павільёну – сумесь шуму натоўпу, музыкі нейкага танцавальнага калектыву і абвестак праз радыёкропку з прапановаю бясплатна памераць артэрыяльны ціск.

Маладых людзей амаль няма, наведнікі ў большасьці сваёй сталага веку. Яны – у захапленьні. Адзначаюць, што выстава менавіта для іх, пэнсіянэраў.

Карэспандэнтка: “Ці спадабалася выстава? Ці набылі што?”

Жанчына: “О! Набылі! Я і ўчора была, і сёньня прыйшла – сумку, бачыце, цэлую накупляла... Спадабалася вельмі”.

Карэспандэнтка: “А што пахваліце найперш?”

Жанчына: “Усё! І мясныя прадукты, і паўфабрыкаты, вэнджаніна розная... У аддзеле гародніны было добра: капуста была танная, морква”.

Карэспандэнтка: “Гэта таньней, чым у іншых месцах у горадзе?”

Жанчына: “Натуральна, таньней!”

На стэндах з мэбляю ня вельмі шмат прадукцыі, але, як сьведчаць пакупнікі, цэны нашмат ніжэйшыя за тыя, што ў крамах. Некаторыя прыцэньваюцца, прымяраючыся да патэнцыйных набыткаў:

Кабета: “Мы мэблю глядзелі, канапы нашы айчынныя, тэхніку бытавую глядзелі, садовы інвэнтар нам спадабаўся вельмі… Таньней тут значна, таньней...”
Мы за тое, каб купляць беларускае. Галоўнае, каб яно было...


Жанчына: “Канцэрт вельмі неблагі, між іншым! Толькі забылася спытацца, як ён называецца”.

Кабета: “Мы за тое, каб купляць беларускае... Галоўнае, каб яно было...”

Каля стэнду Аршанскага льнозаводу – чарга. Прыйшлося пачакаць, каб падступіцца да гандляра. Ён мяркуе, што прыйдзецца ехаць па дабаўку – раскупілі шмат. Найбольш папулярныя – наборы бялізны для ложкаў:

“Вельмі, вельмі і вельмі карыстаюцца папулярнасьцю. Вось цяпер толькі за дзень першая выдалася магчымасьць, як кажуць, прысесьці... Натуральна, у нас жа ж адпускныя цэны са складу”.

Сярод прадпрыемстваў, якія прадставілі сваю прадукцыю на выставе “Купляйце беларускае”, – “Віцязь”, “Гарызонт”, кандытарскія фабрыкі “Слодыч”, “Спартак”, “Дываны Брэсту”, Берасьцейская мэблевая фабрыка ды іншыя.