Пры адміністрацыі прэзыдэнта ствараюць грамадзка-кансультатыўную раду па правах чалавека. Беларускі Хэльсынскі камітэт запрасілі да супрацы.
“Палажэньне пра гэтую раду пакуль не гатовае, таму цяжка казаць пра дэталі”, - заявіў старшыня БХК Алег Гулак.
Ён ня змог адказаць на пытаньне, якім арганізацыям яшчэ прапанавалі далучыцца да рады.
“Як толькі палажэньне зацьвердзяць, будзе прызначаная дата паседжаньня. Папярэднія пажаданьні, каб рада зьбіралася пэрыядычна раз на два месяца”, - дадаў праваабаронца.
“Як бы там не было, але пэўная лібэралізацыя адбываецца. Пакуль толькі на ўзроўні размоваў і плянаў. У грамадзкай сфэры пакуль канкрэтных вынікаў няма, але сам факт стварэньня такіх радаў і жаданьне абмяркоўваць сытуацыю – станоўчы момант”, - пракамэнтаваў сытуацыю кіраўнік БХК Алег Гулак.
***
16 студзеня старшыні Беларускай асацыяцыі журналістаў Жанне Літвіной, галоўнаму рэдактару “Народнай волі” Ёсіфу Сярэдзічу і галоўнаму рэдактару “Комсомольской правды в Белоруссіі” Алене Міронавай афіцыйна прапанавалмі ўвайсьці ў склад грамадзкай каардынацыйнай рады ў сфэры масавай інфармацыі, утворанай Саветам міністраў. Усе трое далі згоду.
31 сьнежня 2008 г. кіраўнік ураду Сяргей Сідорскі падпісаў распараджэньне пра стварэньне міжведамаснай рабочай групы для выпрацоўкі пляну дзеяньня па разьвіцьцю краінавага маркетынгу. Кіраўніком групы прызначаны намесьнік міністра замежных спраў Андрэй Еўдачэнка.
У працоўную групу ўвайшлі 14 чалавек, у тым ліку два прадстаўнікі незалежнага сэктару — кіраўнік навукова-дасьледчага цэнтру Мізэса Яраслаў Раманчук і дырэктар лябараторыі аксіямэтрычных дасьледаваньняў “Новак”, старшыня Рады Беларускага інстытуту стратэгічных дасьледаваньняў Андрэй Вардамацкі.