Што трэба, каб у садку зьявілася беларускамоўная група?

Беларускамоўная група ў магілёўскім садку

У менскім раёне мікрараёне Сухарава арганізоўваюць беларускамоўную рознаўзроставую групу ў дзіцячым садку.
Рэдактарка сайту dzietki.org Крысьціна Вітушка кажа, што праблема ўладкаваньня дзяцей у садок – адна зь вельмі актуальных для наведнікаў сайту. Месцаў у садках Менску значна меней, чым ахвотных туды трапіць. Але праблема ўладкаваньня дзіцяці ў беларускамоўную групу – яшчэ больш цяжкая:
Расьце колькасьць беларускамоўных дзетак...


“Расьце колькасьць беларускамоўных дзетак, і растуць чаканьні ад гэтых беларускамоўных групак у садках. Нягледзячы на тое, што цяпер у горадзе ёсьць прынамсі 2 сталыя беларускамоўныя садочкі, але ж і горад таксама расьце... Кожны хацеў бы мець магчымасьць уладкаваць дзіцё ў садок недзе паблізу, у сваім раёне. Намінальна такая магчымасьць ёсьць... Але рэальна няма ні выхавальнікаў, ні праграмы. Таму пытаньне гэтае абмяркоўваецца як праблемнае і праблема гэтая паўстае штогод”.

Дар’я Каткоўская зь Менску зарэгістравалася ў чарзе на месца ў дзіцячым садку, калі сыну Алесю было 4 месяцы. Цяпер яму два гады: патрэба ў дзіцячым садку насьпела. Інфармацыя пра наяўнасьць беларускамоўных групаў у садках, якія далі ва ўпраўленьні адукацыі Фрунзэнскага раёну, была вельмі супярэчлівая, кажа Дар’я:

“Спачатку яны мне сказалі, што ў Фрунзэнскім раёне ёсьць адзін беларускамоўны садок, пасьля, што іх два. Наступным разам аказалася, нават тры. Але на практыцы – я пашукала інфармацыю на тэматычных інтэрнэт-рэсурсах, пагутарыла з бацькамі, якія туды водзяць сваіх дзяцей, – на практыцы беларускамоўнасьць гэтых садкоў намінальная. Ёсьць пэўныя заняткі для гэтых дзяцей, і тыя заняткі праводзяцца на беларускай мове. Прычым, па водгуках, часта на мове ня вельмі добрага роўню...”

Высьветліўшы ва ўпраўленьні адукацыі, што трэба для таго, каб у дзіцячым садку арганізавалі групу для беларускамоўных дзяцей, Дар’я ўпэўненая ў тым, што ўсё атрымаецца:
12 чалавек ужо ёсьць, але я хачу набраць трошкі болей...


“Зараз трэба сабраць ахвотных для рознаўзроставай групы. Згодна з заканадаўствам, гэта 12 чалавек. 12 ужо ёсьць, але я хачу набраць трошкі болей, каб не рызыкаваць. Часта так бывае, калі нейкую групу некуды зьбіраюць, у апошні момант пару чалавек могуць адмовіцца з розных прычын. І, каб не рызыкаваць у гэткай сытуацыі, я б хацела набраць 15 зацікаўленых”.

Рашэньне аб стварэньні групы прымаецца мясцовымі ўладамі – упраўленьнем адукацыі – штогод у красавіку. Таму заявы аб стварэньні беларускай групы трэба туды падаць да гэтага часу. Усе зацікаўленыя могуць зьвярнуцца да Дар’і па тэлефоне 395 73 99 ці напісаць ёй на адрас apalonik@gmail.com.