Аграгарадок зьядае Дакудава, агратурызм — выратоўвае

Новая перадача сэрыі “Падарожжы “Свабоды”, эфір 22 студзеня.
У Дакудава, што на Лідчыне, нядзельным ранкам прыехалі разам з кіраўніком раённай філіі Партыі БНФ Уладзімірам Круцікавым. Нас сустрэлі ціша ды адсутнасьць сьвятла ў акенцах, дымкоў над хатамі. Нашы галасы разносіла рэха ўсе 5 км, якія давялося прайсьці пехам праз усю вёску ў пошуках хоць каго з тутэйшых. А жыве тут, між іншым, 790 чалавек. У смузе не відаць было застылага пад лёдам Нёману, што цягнецца ўздоўж паселішча, ды тысячагадовых курганоў, побач зь якімі некалі жылі будучыя дакудаўцы. 185 гадоў таму недзе ў навакольлі былі схаваныя 60 пудоў залатых і срэбных вырабаў з калекцыі Дамініка Радзівіла, які быў паранены тут пры адступленьні Напалеона. Але скарбашукальніцтвам мясцовыя не займаліся. У савецкія часы вёску называлі “сталіцай самагонаварэньня”. 5 год таму, у часе першай вандроўкі сюды, мне пацьвердзіла гэта сьмяшлівая цётка Люба:

Люба: “А п’юць — ой, па-страшнаму! Ды бабы яшчэ такія — панапіваўшыся, ходзяць па вуліцы, смуродзяць, хай іх халера! Гоняць ва ўсю самагонку-„сахарніцу“…”

Аграгарадок “Ёдкаўскі”, які ўзьнік тады ж пасьля аб’яднаньня з суседняй вёскай, забраў у дакудаўцаў усю тэхніку, коні, фэрму, перанёс у Ёдкі праўленьне СВК. Старшыня сельсавету Аляксей Дзем’яновіч, пад якім, казалі, гарэла крэсла, гаварыў тады са мной, як звычайны чалавек з вуліцы:

“Я быў супраць гэтага аб’яднаньня, агітаваў супраць. Абяцалі, што будуць людзі працаваць, атрымліваць зарплату без затрымак, добрую. Нашы жыхары, маладыя прытым, засталіся бяз працы. Просяць дакудаўцы, каб далі салому, бульбу, дровы, брыкет прывезьлі. Бяз транспарту, паліва, адны засталіся на тэрыторыі…”

У 2009-м усё той жа спадар Дзем’яновіч ізноў набыў адміністрацыйную вагу:

“Цяпер выдзяляецца тэхніка старым для дастаўкі дроў, брыкету. Даяркі атрымліваюць 600 і болей, мэханізатары да мільёна. Па Дакудава 4 трактары, 8 даяроў, 2 вартаўнікі ды сьлесары. Цяпер у нас парадак…”

З новым “парадкам” быў яўна ня згодны сустрэты намі на вуліцы 24-гадовы Саша Кудзель:

“Няма дзе ў Дакудаве ўладкавацца. Хто тут будзе працаваць, калі заробкі 300 ад сілы? А ў калгасе ёсьць 170-150. Дзеці школу заканчваюць і таксама сыходзяць. Тут толькі лецішча зрабіць, прыехаць адпачыць. Паеду ў горад…”

У старажылаў вёскі, экс-настаўнікаў 73-гадовай Сабіны Баляславаўны ды 72-гадовага Пятра Паўлавіча Гузоўскіх, я спытаў:

Карэспандэнт: “А калі моладзь пачала зьнікаць з Дакудава?”

Спадарства: “У 60-х гадах. У кожнай хаце дзяцей было многа. Я быў старшынёй выбаркаму — па Дакудаве толькі выбаршчыкаў тысяча была. Калгас адсталы „Іскра“ — партызанскі атрад быў такі. „Улада“ ў нас мянялася — сёньня акаўцы, заўтра партызаны, потым немцы сваё бяруць. Мясцовыя ведалі, якую скаціну браць. Тут у жанчыны мужык быў франтавік, кажа — „каб вас парасьпірала, кароўку забралі“. А былі такія, куфар варочалі, грошы шукалі. Гарэлка свая была, немцы дазвалялі — паспрабуюць, гут, гут…”



Карэспандэнт: “Адмена ільготаў ударыла?”

Спадарства: “Канечне, ударыла! Каб да Ліды даехаць, трэба 10 тысяч мець — а гэта па прамой толькі 12 км. І лекі таксама — трэба да сотні ўкласьці. А для нас гэта вялікая сума! І прадукты ўверх пайшлі. А калі паглядзець, што маладыя маюць! Калі ў мяне 400 пэнсіі, дык пляменьнікі маюць па 350 заробку. Даяркі мелі па 70, цяпер па 400. Ды гарачая вада прапала — не пераапрануцца. Ні падменных, ні выхадных — адны мучэньні! Прасьмярдзяць аміякам, што ў хату немагчыма ўвайсьці! Чаму?! А як нараджаць дзіця, калі адзін пакет пампэрсаў — 50 тысяч?!”

Ізноў прыпыняемся ля купкі вясковых бабулек побач з крамай.

Спадарства: “Памірае вёска… Гэта сьмешна — толькі 25 сьнежня зрабілі ацяпленьне… А з гораду скідаюць сюды, каго высяляюць — таксама п’юць, дровы крадуць…”

Мы ідзем да Лісіхі — вясковая мянушка 84-гадовай спадарыні Ёдкі. Цётка Надзея праз 5 год мяне не пазнала — вочы ледзь бачаць. Схуднела, змарнела. Калісьці ж у 17 год села за трактар, была пераможцай усесаюзных сацспаборніцтваў, дэпутатам аблсавета. Праўда, ненадоўга — на сходах не давала спакою начальству любога ўзроўню. Прычым — у вершаванай форме. На яе паклёпнічалі. Нават адна з памянёных бабулек дагнала мяне і на вуха пашаптала: “Ой, кляйміла начальства!”



Я пытаюся ў цёткі Надзеі:

Карэспандэнт: “А вершы пішаце яшчэ?”

Надзея: “А як жа — і памятую! Шчэ адзін вершык склала. “Наш калгас-та „Іскра“ пламенем гарыць, толькі маладзёны ня хочуць у ім жыць. Нізкая аплата — сайшло ўсё на нет… Лянок мы расьцілі — рос вышэй за нас. З году ў год багацеў калгас. Палучалі сотні — а потым рублі. На статку капейкі — да чаго давялі! Апошні ляночак дымам пайшоў, рубашак і штаноў там нам не знайшоў. Дабілі канюшню, кароўнікі на нет — нясіце, начальства, і за гэта атвет!”

* * *

Адзіны ў Дакудаве фэрмэр, 51- гадовы Валянцін Бяляўскі, пераехаў сюды пераняць справу пасьля сьмерці бацькі 5 год таму. Мае 15 га зямлі, але чухае патыліцу: маўляў, уражаньні ад фэрмэрства ў яго, як сам кажа, “пярэстыя”.

Бяляўскі: “Адкрыў адразу ўнітарнае прадпрыемства — мне юрысты параілі. А нічым не адрозьніваюцца фэрмэрская гаспадарка і УЧУП. І там можна людзей наймаць, і там. Я не наймаю. Бо на заробак не нацягваю сабе. Зерне дзяржаве не здаю, вырошчваю сьвіней — 24 на дадзены момант. „Т-25“ мне бацька падарыў — вечна зламаны…”

Карэспандэнт: “Не шкадуеш, што ў фэрмэры пайшоў з калгаса?”

Бяляўскі: “Ай, і там нічога ня меў, і тут нічога…”

80-гадовая цётка Леанарда, што на ложку прыслухоўвалася да размовы, нязгодна заматала галавой.

Леанарда: “Самі сабе калі хочам, тады і робім. А ў калгасе, вядома, як на рабоце…”


Бяляўскі: “Каб заробак выцягнуць, трэба сьвіней 40. Рухацца трэба. „Бус“ трэба, каб тавар вывезьці. Калі вазьму крэдыт, паглядзеў, не змагу аддаць яго. Трэба наймаць бухгальтара, плаціць заробак, а з такімі землямі не пацягну, калі 2 тоны з гекатара намалоціш. А трэба даць і калій, і фосфар, каб зерне было паўнавартасным, а ў мяне, можа, гэтага няма…”

Затое ўсё быццам бы складаецца ў сямейства Агаркаў з агратурызмам. Спадарыня Сьвятлана працуе настаўніцай гісторыі ў школе. Муж, Юрый, былы тэхнік-мэханік — тамсама вартаўніком. Прыехалі ў Дакудава 20 год таму з Нарыльску. Пасьпелі за 4 гады існаваньня наладзіць трывалыя, у тым ліку міжнародныя, сувязі, увайсьці ў грамадзкае аб’яднаньне “Агра- ды экатурызм”. Гаспадары распавядаюць.

Юрый: “У нас чыста сямейны адпачынак зь дзецьмі. Едуць з Прыбалтыкі, Краснадарскага краю, Польшчы, Расеі, Нямеччыны. На тое, пра што ўбачылі ў інтэрнэце — на малако, тварог, масла, аматары рыбалкі. Нёман неглыбокі — дзеці без бацькоў могуць пайсьці. Заказьнік журавінавы. Грыбы растуць…”

Сьвятлана: “І, мабыць, ні ў кога ў Беларусі — сплаў на плытах па Нёмане ўніз, з усімі прыпынкамі, экскурсіямі — хоць на тыдзень. 150 даляраў у суткі, але на плыце 15-20 чалавек…”



Сямейства Агаркаў — адно зь нямногіх, якое з аптымізмам пазірае на будучыню вёскі. Нягледзячы на тое, што…

Сьвятлана: “Бабулькі казалі, што нявыгадна бульбу садзіць, трымаць жывёлу, таму што трэба купляць кармы, соткі абагнаць за 80 тысяч. Амаль ніхто не трымае і не арэ…”

Карэспандэнт: “У вас шмат кінутых хат…”

Юрый: “А бліжэй да Нёмана пустых практычна няма. Купляюць — па 10 тысяч даляраў, але менчукі кажуць, што вельмі нізкі кошт…”

Заангажаваныя Сьвятлана ды Юрый былі ў часе выбарчых кампаній у якасьці назіральнікаў.

Спадарства: “Назіральнікамі былі ад фонду Льва Сапегі, праваабарончага цэнтру „Вясна“. Дык на вёсцы з намі фактычна ніхто не вітаўся, лаяліся. Чуткі распаўсюджваліся, што нам мяхі даляраў давалі. Пыталіся, колькі атрымалі і ці можна ў вашу брыгаду запісацца. (Сьмех.) Пасьля, праўда, меркаваньне зьмянілася ў людзей.”

У дарозе на аўтобус падсумоўваем вынікі вандроўкі з кіраўніком суполкі Партыі БНФ Уладзімірам Круцікавым.

Круцікаў: “Аграгарадок у Дакудаве ня сталі будаваць, пабудавалі ў Ёдках, якія хутка наблізяцца да гарадзкой рысы. У сувязі з чым у іх засталося ўсяго 4 трактары, зьменшылася колькасьць насельнікаў з 1200 да 790. Дзякуй Богу, што зьявіўся агратурызм, а значыць, і будучыня. Шасьцёра людзей могуць на гэтым зарабляць сякія-такія грошы. Сюды пачалі ссылаць лідзкіх алкашоў, хто ня можа заплаціць за кватэру. Тады ўжо вяскоўцам, хто будзе трымаць агратурызм, не пазайздросьціш. А астатнім куды?! Таму людзі сьпіваюцца. І бульбу садзіць нявыгадна за сабекошт. Чалавек сьвіньні трымае, але слаба атрымліваецца з-за гэтых коштаў. Аграгарадок фактычна зьеў Дакудава…”