Суд Савецкага раёну Менску прыпыніў прызыў у войска Франка Вячоркі. Старшыня Моладзі БНФ зьвярнуўся ў суд са скаргай на шматлікія парушэньні, зьдзейсьненыя супраць яго вайскоўцамі і мэдыкамі падчас прызыўной кампаніі.
Паводле Франка Вячоркі, мелі месца грубыя парушэньні заканадаўства.
Днямі яго гвалтоўна схапілі людзі ў цывільным у палаце шпіталя, дзе актывіст праходзіў абсьледаваньне, і прывезьлі ў ваенкамат. Там яму паведамілі, што праз пару гадзінаў адвязуць у вайсковую частку.
Дагэтуль Франак Вячорка меў адтэрміноўку ад службы ў войску з прычыны перанесенай апэрацыі на вачах і шэрагу іншых праблемаў са здароўем.