Учора, 20-га студзеня, былому пракурору Менскай вобласьці Міхаілу Сьнегіру выставілі абвінавачаньне паводле 3-яй часткі 424-га артыкулу Крымінальнага кодэксу – “злоўжываньне ўладай і службовым становішчам”. Міхаілу Сьнегіру пагражае да 8 гадоў зьняволеньня.
Пра гэта паведаміў генэральны пракурор Рыгор Васілевіч. Спадар Васілевіч выказаў шкадаваньне, што гэтак адбылося з былым пракурорам, пры гэтым зазначыў:
“Гэта не кампанейшчына, а выкананьне дзяржаўнай праграмы барацьбы з карупцыяй”.
Пракурор Менскай вобласьці Міхаіл Сьнегір быў зьняты з пасады і арыштаваны летась ў сьнежні пасьля антыкарупцыйнай нарады з удзелам Аляксандра Лукашэнкі. Паводле кіраўніка дзяржавы былы пракурор нібыта незаконна набыў дарагую кватэру ў цэнтры Менска і будаваў катэдж пад Менскам. Генэральны пракурор Рыгор Васілевіч не адказаў на пытаньне журналістаў, ці прызнаў Міхаіл Сьнегір сябе вінаватым, спаслаўшыся на тайну сьледзтва.
Кіраўнік Беларусі Аляксандар Лукашэнка яшчэ 13 лістапада мінулага году правёў нараду ў пытаньні барацьбы з карупцыяй. Ён даручыў генпракурору ўнесьці прадстаўленьне аб вызваленьні з пасадаў намесьніка генпракурора Мікалая Купрыянава і пракурора Менскай вобласьці Міхаіла Сьнегіра. Кіраўнік краіны таксама даручыў пачаць супраць іх крымінальную справу.
Мікалай Купрыянаў і пракурор Менскай вобласьці Міхаіл Сьнягір былі вызвалены ад займаных пасадаў і звольнены з органаў пракуратары 14 лістапада. Адносна іх была ўзбуджана крымінальная справа.
Таксама спадар Васілевіч патлумачыў, што суды прынялі рашэньні аб незаконнасьці выдзяленьня ўчасткаў для катэджаў былых супрацоўнікаў міністэрства ўнутраных спраў.