Падчас сустрэчы ў Чарнігаве зь Віктарам Юшчанкам Аляксандар Лукашэнка заявіў пра адсутнасьць нейкіх праблемаў ва ўзаемадачыненьнях Беларусі і Ўкраіны і кіраўніцтва абедзьвюх краін.
Ён заявіў, што ў Беларусі “няма ніякай алергіі ні да Ўкраіны, як да дзяржавы, ні да ўкраінскай вытворчасьці”. І прапанаваў наладзіць цеснае ўзаемадзеяньне з украінскім бокам у пытаньні пераадоленьня наступстваў усясьветнага фінансавага крызісу. Кіраўнік Беларусі адзначыў, што дагэтуль “назапасіўся шэраг пытаньняў, якія мы не маглі вырашыць раней, а сёньня, мы ў стане іх вырашыць”.
Таксама ён нагадаў прапанову прэзыдэнта Ўкраіны аб стварэньні калідору Чорнае мора-Балтыйскае мора.
“Мы гатовы працаваць з вамі і з краінамі Балтыі ў гэтым накірунку”, - заявіў кіраўнік Беларусі.
А.Лукашэнка запрасіў В.Юшчанку зь візытам у Беларусь.
Віктар Юшчанка заявіў пра наяўнасьць “палітычнай волі для разьвіцьця стасункаў зь Беларусьсю”.
“Я шчасьлівы, што нашы двухбаковыя стасункі не суправаджаюцца нейкімі праблемамі. Мы заўсёды гатовы супрацоўнічаць у нафтавай, энэргетычнай, транспартнай сфэрах”, - адзначыў Віктар Юшчанка.