Што б Вы пажадалі новаму прэзыдэнту Злучаных Штатаў Амэрыкі -- Бараку Абаму”? Радыё Свабода працягвае апытаньне сярод вядомых асобаў Беларусі.
Рэдактар газэты “Новы час “ Аляксей Кароль лічыць, што ў беларуска-амэрыканскіх стасунках найперш трэба спадзявацца на паляпшэньне іх дыпляматычных варункаў:
“Пажадаў бы, па-першае, выканаць практычную задачу: аднавіць працу амэрыканскай амбасады ў Менску. Пункт практычнай палітыкі Абамы у дачыненьні да Беларусі.
З вызначэньнем яе курса на нармальныя адносіны з дзяржавай і падтрымкай звычайнага, традыцыйнага курса для Злучаных Штатаў Амэрыкі на падтрымку дэмакратыі і свабоды па ўсім сьвеце”.
Былы сталы прадстаўнік Беларусі ў ААН Генадзь Бураўкін чакае ад прэзыдэнцтва Барака Абамы вельмі і вельмі шмат:
“Спадзяюся на тое, што гэта не проста абраньне чарговага прэзыдэнта ЗША, а што гэта, наперш, прыйшоў чалавек, які прадстаўляе тую этнічную групу ў ЗША, якая на такую высокую ступень улады яшчэ не ўздымалася. Значыць, ён павінен прынесьці з сабой нешта новае і, я спадзяюся, новае ў традыцыях дэмакратыі, якая павінна улічваць інтарэсы інтарэсы ўсіх людзей.
Другое, што гэта чалавек малады, чалавек іншага пакаленьня, значыць, больш ведае, што ў сьвеце творыцца, я маю на ўвазе і ў тэхналягічным сэнсе, і ў эканамічным, магчыма, ён разумее лепей за тых, хто быў да яго”.
Лёлік Ушкін, кіраўнік Беларускай экалягічнай партыі “Зялёныя”, спадзяецца на новы віток разьвіцьця гісторыі ў зьвязку з новым прэзыдэнтам ЗША:
“Барака Абаму абралі на пост прэзыдэнта 5 лістапада – акурат у той дзень, калі ў мяне – Дзень народзінаў. Думаю, гэтага дастаткова, каб сказаць, што гэта – мой прэзыдэнт. Калі сур’ёзна, то гэта вельмі важна для ўсіх зялёных і наагул, для людзей левых перакананьняў, таму што гэта сапраўды… Пачатак 21-га стагодзьдзя. Толькі 40 год таму чорнаскурым людзям у ЗША стала дазволеным вучыцца і цяпер чалавек той генэрацыі стаў прэзыдэнтам. Гэта для мяне як для чалавека-гуманіста вельмі важна – сьведчаньне таго, што любы чалавек можа дасягнуць любых вышынь. Таму я хацеў бы, каб гэта стала пачаткам эпохі лева-лібэральных прэзыдэнтаў ЗША. Каб гэта быў першы новы Кэнэдзі, Картэр…Была ж і эпоха правых – Рональд Рэйган, Ніксан… Хацелася б, каб гэтая стала эпохай лева-лібэральнай, эпохай новай і якаснай”.