Інтымны дзёньнік Багдановіча — на тэатральнай сцэне

На сцэне Тэатру беларускай драматургіі ў мінулыя выходныя адбыўся прэм’ерны паказ спэктаклю “Дзёньнік паэта”. У аснову п’есы драматург Сяргей Кавалёў паклаў не апублікаваны дагэтуль інтымны дзёньнік Максіма Багдановіча, а паставіў спэктакль рэжысэр Віталь Баркоўскі. Бліжэйшы паказ спэктаклю “Дзёньнік паэта” для шырокай публікі ў афішы Тэатру беларускай драматургіі пазначаны 12 лютага.

Спэктакль складаецца зь дзьвюх дзеяў. У першай падзеі адбываюцца ў 1915 годзе ў мястэчку Стары Крым, дзе лекаваўся Максім Багдановіч. Там паэт моцна закахаўся. Свае пачуцьці ён занатаваў на некалькіх аркушах, якія цяпер вядомыя пад назовам “Інтымны дзёньнік”.

Другая дзея распавядае пра сучасныя падзеі ў Менску, зьвязаныя са знаходкай “Інтымнага дзёньніка” Багдановіча і спрэчкамі літаратараў, навукоўцаў і выдаўцоў наконт таго, ці трэба яго друкаваць.

Аднак гэты спэктакль — не ілюстрацыйны матэрыял да хрэстаматыйных артыкулаў пра Багдановіча, — кажа Сяргей Кавалёў.

“Усё тое, што было сабрана нашымі руплівымі дасьледчыкамі, я стараўся выкарыстаць, але толькі тое, што было патрэбна для канцэпцыі п’есы. І ня больш, каб гэта ня быў лікбез для гледачоў”.

Сваю п’есу Сяргей Кавалёў прапанаваў Тэатру беларускай драматургіі, на сцэне якога яна і атрымала ўвасабленьне ў пастаноўцы рэжысэра Віталя Баркоўскага. Мастацкі кіраўнік і дырэктар тэатру Валер Анісенка лічыць, што рэжысэру ўдалося перадаць тэатральнымі сродкамі неардынарнасьць творчае асобы галоўнага героя і паказаць яго душэўныя пакуты.

“Баркоўскі — той рэжысэр, які мае свой адметны почырк, і мне было важна, каб гэта адбылося. Спэктакль мы прынялі вельмі прыхільна. Гэта спэктакль ня масавы, ён — для ўдумлівага гледача, які чытае, ведае нешта пра паэта. Ня думаю, што нас закідаюць абсалютнымі пахваламі за яго. Але гэта й ня важна, а важна тое, што гэта павінна быць пастаўлена”.

У спэктаклі “Дзёньнік паэта” занятыя акторы тэатру Аляксандар Марчанка, Канстанцін Воранаў, Людміла Сідарковіч, Настасься Баброва, Галіна Чарнабаева і Ігар Сігаў, які, дарэчы, стаў у гэтым спэктаклі і рэжысэрам па плястыцы. Менавіта на ім ляжала задача перадаць мовай рухаў самыя інтымныя пачуцьці герояў у эратычных сцэнах.