Якраз у гэтым самым месцы, дзе я цяпер знаходжуся, па рацэ Віліі ад Рыскай дамовы 1921 году да 1939 году пралягала мяжа паміж бальшавіцкай Беларусьсю і Польшчай. Той бераг належаў палякам, а гэты — саветам, хаця і тут і там жылі беларусы, больш за тое — сваякі. Як тады жыл, і што адбывалася на гэтай прасторы, тутэйшыя жыхары яшчэ памятаюць.
Яніна Гайчук зь вёскі Выгар — сьведка тых падзеяў.
Гайчук: “На адзін бок ракі луг і на другі бок — наш. І нашых пагоняць дзяўчат сена грэбсьці ў калхоз. І там гэныя на тым баку ўбіраюць. Гэныя пяюць, танцуюць з музыкай. А нашым запрацілі. Дык яны сьмяюцца з нашых: “Пакажыце языкі! Вы нямыя. Вам жа языкі, муся, павыразалі рускія!”
Карэспандэнт: “Гэта кшталту палякі…”
Гайчук: Так. Гэныя “палякі”. Там танцуюць, пяюць, а нашым гаварыць запрашчалі, каб зь імі не гаварылі”.
Вёска Выгар Лагойскага раёну, куды ляжыць мой шлях, месьціцца кілямэтры за тры-чатыры ад гэтых берагоў. А наведаў яе па запрашэньні майго даўняга знаёмага Лявона Валуя.
На пачатку 90-х Лявон жыў яшчэ ў Таліне і быў актыўным сябрам Згуртаваньня беларусаў Эстоніі. Менавіта яму разам зь Сяргеем Сотчанкам давялося ствараць на Эстонскім радыё першую беларускую праграму. А потым Лявон прыняў нечаканае для многіх рашэньне — вярнуцца на Радзіму. Больш за тое, у вёску, дзе нарадзіўся.
Валуй: “Адбылося вяртаньне абсалютна ўсьвядомлена. У паветры лунала незалежнасьць, і ня толькі Эстоніі. І думаў — магчыма, я за час пражываньня ў эўрапейскай краіне з эўрапейскім народам нешта пазнаў для сябе, нейкі здабыў вопыт, гледзячы на жыцьцё гэтага народу, што я тут ня буду лішнім — дома, у сябе, у незалежнай Беларусі”.
З прычыны ўласнага характару, а можа, і доўгага жыцьця сярод маленькага, але крывічэсьлівага народу Эстоніі, Лявон адметны непахіснымі перакананьнямі ў нацыянальных пытаньнях. І калі ў 1995 годзе над беларускім Домам ураду зьнік бел-чырвона-белы сьцяг, гэткі ж упершыню залунаў над Выгарам.
Валуй: “Як парвалі наш сьцяг, я паставіў флягшток і кожную раніцу паднімаў сьцяг. Літаральна празь дзён некалькі прыходжу дамоў — маці ў сьлязах. Прыйшоў старшыня сельсавету з начальнікам міліцыі раённага аддзелу. Зайшлі ў двор, зьнялі сьцяг, забралі і пайшлі. Патэлефанаваў пракурору раёна. Ён мне параіў пісаць у суд пазоў. Ну, я так і зрабіў. Напісаў заяву ў суд і вызначыў кампэнсацыю маральную і матэрыяльныя страты. На той час яшчэ няпэўнасьць такая была — думаю, усё-ткі законнасьць яшчэ ня так брутальна растаптана тут на тэрыторыі Беларусі. Судзьдзя прыняла гэты пазоў, адбыўся суд. Вядома, на судзе я адмовіўся ад гэтых кампэнсацый, на той час астранамічных. Аднак пагадзіўся на тое, каб яны мне вярнулі сьцяг і публічна прабачэньня папрасілі. Яны папрасілі прабачэньня, а паколькі сьцяг ужо недзе зьнік, то мне прапанавалі ўзамен герб “Пагоня”, зьняты з райвыканкаму”.
Карэспандэнт: “Цікавая кампэнсацыя...”
Валуй: “Ну, я пагадзіўся на гэта. А сьцяг я пашыў новы. Потым пасьля гэтага, можа, сотню сьцягоў, ветрам патрапаных, я памяняў”.
Як жылі выгарцы ў часіны, калі бел-чырвона-белы сьцяг узьняла Рада БНР, ужо ніхто ня памятае, а вось трыццатыя гады, калектывізацыю і памежнае жыцьцё тут узгадваюць як трагедыю.
Гайчук: “Нас, усю Выгарку, выслалі. Мужчын, каторых даўніх, павысылалі”.
Карэспандэнт: “З гэтага, савецкага боку?”
Гайчук: “Так. Ну, як з Выгаркі — і Карпачовага бацьку, і Вінцука выслалі. І Казюка выслалі. А гэтыя прыйшлі па яго ноччу. Яны ж ноччу хапалі на ссылку”.
Карэспандэнт: “А хто-небудзь вярнуўся?”
Гайчук: “Ніхто не вярнуўся. Як высылалі гэтага Казюка, дык казалі, некаторых тут недалёка расстрэльвалі. І выгарскіх. Далёка не адвозілі”.
Карэспандэнт: “А за што?”
Гайчук: “А граніца! На тым баку адзін брат там жывець, а другі тут жывець. Там жа радня, і ўсё…”
Адабраную ў 20—30-я гады зямлю трэба вярнуць ва ўласнасьць вяскоўцам альбо даць тым, хто хоча працаваць на гэтай зямлі. Так лічыць мой суразмоўца, цяперашнім часам яшчэ і старшыня Лагойскай раённай рады Кансэрватыўна-хрысьціянскай партыі БНФ Лявон Валуй. Вярнуўшыся ў вёску, ён паспрабаваў завесьці ўласны фэрмэрскі бізнэс, але потым адмовіўся ад гэтага. Прычына — адсутнасьць спрыяльнай заканадаўчай базы, неабходных для ўтрыманьня гаспадаркі грошай і адсутнасьць разуменьня і дапамогі з боку мясцовых уладаў. Тое, што вёска гіне, — на яго думку, вынік такой палітыкі і такіх адносін да сельскага працаўніка.
Карэспандэнт: “Як зьмянілася вёска з таго часу, як ты тут жывеш?”
Валуй: “У 91—94-м гадах усе трыццаць хат, каторыя тут ёсьць, ва ўсіх хатах пражывалі людзі. На сёньняшні дзень — толькі сем хат, дзе засталіся людзі. Па адным, па два чалавекі. Вось розьніца. Поўны заняпад вёскі. Ды ня толькі нашай. Проста выміраньне людзей. Самая вялікая ўрачыстасьць — гэтая ўрачыстасьць — пахаваньне. За год — два, тры, чатыры, а ў горшыя часы і пяць-шэсьць чалавек.
Ня ведаю, што на месцы вёскі будзе праз гадоў дзесяць-дваццаць. Проста цяжка ўявіць. Вот сёньня тут нашыя калгасныя кароўнікі… проста выкопваюць яму, бульдозэрам сьпіхваюць абломкі і засыпаюць зямлёй”.
Карэспандэнт: “Што сёньня радуе вяскоўцаў, чаго яны баяцца?”
Валуй: “Радуюцца нейкаму ўраджаю, радуюцца пэнсіі, каторую паштальёны прывозяць пятага чысла кожнага месяца. Тут ужо адбываецца такі рух, з самай раніцы зьбіраюцца людзі ў адну хату і чакаюць. Радуюцца прыходу аўталаўкі, каторая два разы на тыдзень прыходзіць”.
Карэспандэнт: “А што ў аўталаўцы?”
Валуй: “Звычайны набор штодзённага побыту… і радасьць ад таго, што яны сустрэнуцца там”.
Карэспандэнт: “Ну што там? Хлеб, зубная паста...”
Валуй: “Хлеб. Віно. Канечне, гэта пасьля хлеба другі прадукт, каторы самы папулярны”.
Карэспандэнт: “Чаго ў вёсцы баяцца?”
Валуй: “Баяцца вайны”.
Карэспандэнт: ..?
Валуй: “Вайны!”
Гайчук: “У нас жа ж была партызанская зона тут, а блякада — гэта немцы выходзілі, акружалі вёскі, а дзе з партызанамі хто быў зьвязаны, дык палілі. Немцы два разы ў нас былі. Тады ж забілі Жэніну матку. Зосю, двое дзяцей, Шуру, Маньку Карпачыху забілі”.
Распачатае бальшавіцкімі ўладамі масавае вынішчэньне вяскоўцаў падчас вайны прадоўжылі і тыя, хто зрабіў кар’еру ў савецкіх карных органах у 33-м і 37-м гадах. Праўда, цяпер яны называлі сябе — партызанамі.
Дубяневіч: “Дык яны тут знаеце што — бяруць калёсы. Баба кажа: “Бандзіты, бандзіты”. Вывелі — расстралялі! З нашай вёскі чатыры чалавекі расстралялі. Гэтыя кутузаўцы. Гэта ў іх Пашкевіч такі быў — начальнік асобага аддзела. Дык тут ён перабіў...”
Карэспандэнт: “А за што?”
Дубяневіч: “Хоць за якую балбатню! Выводзяць і расстрэльваюць. З Выгаркі расстралялі. З Сакавіч чалавек сем таксама расстралялі. Прыводзяць і расстрэльваюць. Тут было, як казаў той, ён быў крахабор такі, што чуць што якое — дык расстрэлы і расстрэлы, расстрэлы і расстрэлы...”
Гэта сьведчаньне таксама партызана Сяргея Дубяневіча, якому пашчасьціла трапіць у іншага кшталту фармаваньні.
Карэспандэнт: “А пасьля вайны як жыла вёска?”
Гайчук: “Зразачку калхоз пастроілі. А быў жа прыказ, што каб немца прагналі, дык зямлю і аддалі. Усё б, ужо жылі б надта добра. А яны як прагналі немца, абманулі, і зразу ж — калхоз. І мы па шэсьць чалавек, па дзесяць зьбяромся, пойдзем араць жа ж у калхоз плугамі”.
Карэспандэнт: “Дык вы на сабе аралі?”
Гайчук: “Дык, а дзе! Коней жа яшчэ не было, і аралі”.
Карэспандэнт: “А казалі, што калі немцаў прагоняць, дадуць кожнаму зямлю?”
Гайчук: “А як жа! Гэткі ж прыказ быў. Яны, мусіць, абманвалі”.
Карэспандэнт: “А хто гэта сказаў, што зямлю раздаваць будуць?”
Гайчук: “Надзеяліся ж...”
І надзеі тыя былі небеспадстаўныя. Бо падчас вайны, калі ўся зямля належала вяскоўцам, ежы хапала ўсім, а да і пасьля вайны, калі былі калгасы, у вёсках панаваў голад…
Неўзабаве з Германіі вярнуліся захопленыя падчас другой блякады. Тыя, каму давялося працаваць у нямецкіх лягерах пераважна на мяжы з Францыяй. Вярнуліся, каб упрэгчыся ў плуг замест каня. Рашэньне вярнуцца прымалі сэрцам, хаця розум да канца жыцьця не даваў спакою:
Гайчук: “І казала яна: “Гэткая ўжо дурная была, што я не пайшла да амэрыканцаў. Паехала б у Амэрыку. Хоць бы, казала, там пажыла”.
Карэспандэнт: “У 91—92-м гадах былі вялікія спадзяваньні, што ў Беларусі ўсё зьменіцца: гэта будзе зусім іншая, прагрэсіўная эўрапейская краіна. Але далейшыя падзеі, я думаю, былі зусім не такімі, як ты чакаў… і як чакалі многія. Ці не шкадуеш аб тым, што вярнуўся? Так бы жыў зараз у Эўропе!”
Валуй: “Ну, ясна! Не, я не шкадую. Ну, абсалютна не шкадую. Ні долечкі шкадаваньня няма аб тым, што я вярнуўся, што я жыву тут, што я застаўся. Я ня ведаю, кім бы я там быў. А ўвогуле, як можна вымераць? Усё ж гэта вымяраецца не дабрабытам асабістым. Ну, я б ніколі ня быў задаволены, пражываючы там, ведаючы, што тут творыцца на нашай зямлі. І неяк схавацца ад усяго гэтага — проста гэта ня мой лёс. Я не скажу, што я тут вельмі шчасьлівы, аднак я тут дома. Ва ўсялякім разе, я больш зрабіў для сваёй Радзімы, чым зрабіў і мог бы зрабіць там”.