Інаўгурацыя Абамы абяцае пабіць усе рэкорды

Заўтра 44-ты прэзыдэнт Злучаных Штатаў Амэрыкі, Барак Абама, складзе прэзыдэнцкую прысягу і пачне выконваць свае абавязкі. Цырымонія інаўгурацыі Абамы, як чакаецца, будзе найбольшым мерапрыемствам такога тыпу ў гісторыі ЗША, што тычыцца колькасьці прысутных пры інаўгурацыі людзей, маштабу захадаў бясьпекі з боку ўладаў ды колькасьці гледачоў перад экранамі тэлевізараў.

Цырымонія складаньня прысягі Абамам пачнецца а 12-й гадзіне паводле вашынгтонскага часу (19-я гадзіна ў Менску), на лесьвіцы перад Капітоліем — сядзібай амэрыканскага Сэнату і Палаты прадстаўнікоў.

Абама будзе прысягаць на той самай Бібліі, на якой у 1861 годзе прысягаў 16-ты прэзыдэнт ЗША, Абрагам Лінкальн. Лінкальн — палітычны герой Абамы. Што і ня дзіўна — гэта Лінкальну гісторыкі прыпісваюць галоўную заслугу ў захаваньні адзінства народу ў часы грамадзянскай вайны 1861-65 і ў скасаваньні рабства ў ЗША.

Біблія, на якой прысягаў Лінкальн, — гэта адно зь некалькіх асабістых пажаданьняў Абамы. Ён таксама папрасіў чарнаскурую „каралеву соўлу”, 66-гадовую сьпявачку Арэту Фрэнклін, каб яна засьпявала на інаўгурацыі першага чарнаскурага прэзыдэнта ЗША.

Мяркуецца, што ў Вашынгтон, у якім 600 тысяч жыхароў, прыбудзе ня менш за 2 мільёны людзей, каб асабіста папрысутнічаць пры інаўгурацыі. Гэты натоўп зьбярэцца ў трохкілямэтровай даўжыні парку перад Капітоліем. Паколькі ня ўсё з гэтых людзей змогуць убачыць Абаму непасрэдна, у парку паставяць з тузін агромністых тэлеэкранаў.

Прысягу ад Абамы прыме старшыня Вярхоўнага суду ЗША. Потым іншы судзьдзя Вярхоўнага суду прыме прысягу ад віцэ-прэзыдэнта Джо Байдэна.

Пасьля прысягі Абама зьвернецца да народу з інаўгурацыйнай прамовай. Чакаецца, што ягоны зварот можа стаць ня менш гістарычным за інаўгурацыйную прамову Джона Кэнэдзі ў 1961 годзе, якая запомнілася ўсім славутай фразай „Не пытайся, што твая краіна можа зрабіць для цябе – спытайся, што ты можаш зрабіць для тваёй краіны”.

Потым новы прэзыдэнт Барак Абама, папярэдні прэзыдэнт Джордж Буш і каля 200 вядомых грамадзкіх асобаў паабедаюць у будынку Капітолію.

Пасьля абеду ў Вашынгтоне пройдзе вайсковы і цывільны парад. Абама зь сям’ёй праедзецца ўздоўж трасы параду ў адмыслова абсталяваным кадыляку, якому, як пагаворваюць, ня страшныя ні звычайны абстрэл, ні хімічная атака, бо гэтая бронемашына мае ўласную падачу кіслароду. Ніхто, акрамя службы бясьпекі прэзыдэнта, ня ведае, ці Абама плянуе выйсьці з кадыляку і парукацца зь некім з натоўпу.

За бясьпекай падчас інаўгурацыі Абамы будуць сачыць 20 тысяч паліцыянтаў і цывільных агентаў. У Вашынгтоне ўжо сёньня зачынілі для руху аўтамашын усе вуліцы, якія вядуць да Белага дому і Капітолію. У дзень інаўгурацыі зачыняцца для звычайнага руху і большасьць мастоў на рацэ Патомак, якая працякае праз амэрыканскую сталіцу.

Увечары Барак Абама з жонкай Мішэл наведаюць зь дзясятак баляў, якія пройдуць у сталіцы ў іх гонар. А звычайнаму люду, з Вашынгтону і іншых месцаў застануцца рэстараны і бары, каб адсьвяткаваць гістарычную падзею. Гарадзкія ўлады дазволілі, каб у ноч пасьля інаўгурацыі рэстараны і бары былі адчыненыя на чатыры гадзіны даўжэй, чым звычайна — да 5-й гадзіны раніцы.