Марк Зэльцэр, чый брат — амэрыканскі грамадзянін Эмануіл Зэльцэр — знаходзіцца ў магілёўскай калёніі, кажа пра рэальную надзею ўбачыць днямі свайго брата на волі.
Днямі ў Менск прыяжджае высокапастаўлены супрацоўнік Дзярждэпартамэнту ЗША, якога беларускі бок запрасіў “абмеркаваць узаемны інтарэс у справе Эмануіла Зэльцэра”. Пра гэта “Свабодзе” паведаміў брат асуджанага беларускім судом амэрыканца — Марк Зэльцэр, які жыве ў Нью-Ёрку. Прозьвішча чыноўніка Марк Зэльцэр не называе, але кажа, што гэта адзін з кіраўнікоў юрыдычнага аддзелу Дзярждэпартамэнту. Нечаканае запрашэньне чыноўніка з ЗША Марк Зэльцэр разглядае як прыкмету таго, што хутка ягонага брата вызваляць.
“Я даволі аптымістычна настроены. Не магу сабе ўявіць, што калі прыяжджае высокапастаўлены чалавек зь Дзярждэпу, яму скажуць: едзь назад, мы яго не выпускаем. Разумею, што ён едзе, каб нешта рэальна зрабіць, магчыма, нават каб забраць Эмануіла. Гэта першае. Другое, зараз стала вядома справаздача лекара Альбэрта Бэнчабата, які яго аглядаў. Там вельмі жудасныя ацэнкі. Лекар так і піша, што ў брата ў любы момант можа быць інфаркт са сьмяротным вынікам. Таму маё меркаваньне, што будуць перамовы якраз пра ўмовы ягонага вызваленьня. Як мне сказалі зь Дзярждэпартамэнту, там таксама гэтак ацэньваюць сытуацыю”.
Паводле Марка Зэльцэра, запрошаны ў Беларусь чыноўнік ужо атрымаў беларускую візу. Ягоны вылет у Менск заплянаваны на сераду, 21 студзеня, а перамовы адносна лёсу Зэльцэра адбудуцца ў чацьвер, 22 лютага.
“Мне пра гэта невядома, гэтую інфармацыю мы не камэнтуем”, — сказала “Свабодзе” адносна візыту супрацоўніка Дзярждэпартамэнту ЗША намесьнік начальніка ўправы інфармацыі МЗС Беларусі Марыя Ваньшына.
Адвакат Зэльцэра Зьміцер Гарачка кажа, што яму вядома пра запрашэньне ў Менск прадстаўніка Дзярждэпартамэнту ЗША ад сваякоў Зэльцэра. Здароўе Эмануіла Зэльцэра, зь якім адвакат сустракаўся на мінулым тыдні, паводле Гарачкі, “застаецца на ранейшым узроўні — ён вельмі хворы”. Наступным разам Гарачка ўбачыцца з Зэльцэрам заўтра, 20 студзеня.
Нагадаю, летась у сакавіку вядомы амэрыканскі адвакат Эмануіл Зэльцэр разам з сакратаркай Уладленай Функ (Брусковай) былі арыштаваныя ў менскім аэрапорце, пасьля прылёту з Лёндану. Марк Зэльцэр мяркуе, што ягоны брат стаў ахвярай інтрыг вакол спадчыны заўчасна памерлага грузінскага алігарха Бадры Патаркацышвілі, чый сваяк Джозэф Кей наняў Эмануіла Зэльцэра. Паводле Марка Зэльцэра, на гэтую спадчыну прэтэндуе і Барыс Беразоўскі, які нібыта справакаваў арышт Зэльцэра. Расейскі алігарх-уцякач абвяргае сваю датычнасьць да гэтай справы.
Марк Зэльцэр быў асуджаны на тры гады зьняволеньня за спробу камэрцыйнага шпіянажу супроць Беларусі. Ён адбывае пакараньне ў магілёўскай калёніі № 15. Уладлена Функ (Брускова) асуджаная на год зьняволеньня. Яе трымаюць у Гомельскай жаночай калёніі.