Кіраўнік навукова-дасьледчага цэнтру Мізэса Яраслаў Раманчук і кіраўнік сацыялягічнай лябараторыі “Новак” прафэсар Андрэй Вардамацкі на просьбу беларускага ўраду рыхтуюць свой варыянт пляну паляпшэньня іміджу Беларусі.
Днямі ў Міністэрстве замежных спраў Беларусі адбудзецца паседжаньне спэцыяльнай групы ў гэтай справе. А як ставяцца да такіх кантактаў з уладамі ў апазыцыйным асяродзьдзі.
Упершыню за шмат гадоў ва ўрадавыя групы ўключылі і незалежных экспэртаў. У апазыцыйных колах па-рознаму ставяцца да супрацоўніцтва з уладай. Сябра сойму Партыі БНФ Юрась Хадыка кажа, што пакуль ён вітае такія зьмены:
“У чэрвені 2007 году, у стратэгіі, якую прынялі аб’яднаныя дэмакратычныя сілы, быў тэзіс аб імкненьні да дыялёгу з урадам. Канечне, вынікі гэтага дыялёгу пакуль прагназаваць цяжка. Таму што мы яшчэ не дасягнулі такой сілы і ўплывовасьці, каб у АДС прасілі кандыдатуры для кантактаў з уладнымі структурамі.
Да сёньняшняга дня рэжым яшчэ самаўпэўнены, дастаткова моцны. Ён сам выбірае асобаў, зь якімі хоча гаварыць. Але я ўпэўнены, што дастаткова кваліфікаваныя эканамісты, дастаткова адказныя журналісты ніяк не нанясуць шкоды аб’яднаным дэмсілам, БНФ і ўсяму беларускаму народу”.
Яшчэ адзін сябра сойму Пётра Садоўскі кажа: сытуацыя ў краіне набыла навізну — недавер насельніцтва да палітыкі стаў эканамічным фактарам. Але беларускі ўрад дагэтуль не робіць кардынальных крокаў:
“Атрымліваюцца нейкія псэўдалібэральныя зьмены. І ў гэтую плынь зацягваюцца нават тыя, хто лічыў сябе апазыцыяй. Я не асуджаю рашэньне таго ці іншага пайсьці ў нейкі крызісны камітэт (цяпер, прыкладам, запрасілі Літвіну і Сярэдзіча).
Аднак гэтым самым урад робіць выгляд, што ён мяняе сыстэму. Але тады ён хоча ўскласьці адказнасьць на тых, хто да гэтага ніякага дачыненьня ня мае”.
Кіраўнік Аб’яднанай грамадзянскай партыі Анатоль Лябедзька кажа, што гэтая праблема — няпростая. 20 студзеня яе абмяркуе партыйная рада. А ягоная асабістая думка такая:
“Фармат удзелу ў такіх групах трэба вітаць. Гэта — пляцоўкі для мажлівасьцяў. Як яны будуць выкарыстаныя, гэта залежыць ад пэрсанальнага складу — хто прадстаўляе грамадзянскую супольнасьць. Калі ісьці і проста там прысутнічаць на прыстаўным зэдліку, сядзець і слухаць, што ўлада паміж сабою абмяркоўвае, гэта — слабая канцэпцыя. А калі туды прыходзяць людзі з гатовай пазыцыяй і спрабуюць дамагчыся яе практычнай рэалізацыі, гэта трэба вітаць”.