“Усё пачалося як заўсёды — ад самотнай і сумнай хвілінкі”, — жартуе Алесь Кудрыцкі ў адказ на пытаньне пра ідэю кніжкі.
“Памятаю, калісьці проста быў такі дзень, калі мне не было чаго рабіць, і я вырашыў трохі падзяцініцца і вылепіў з плястыліну чырвонага сьлімачка. Імя яму прыдумалася неяк само сабой, прыйшло аднекуль з глыбіняў маёй фантазіі”.
Так зьявіўся капітан Танака. А ў хуткім часе — і ягоная каманда. І пачаліся водныя, паветраныя, балотныя, бульбяныя, футбольныя ды кухонныя прыгоды плястылінавых сьлімачкоў. Потым да іх далучыліся іншыя вясёлыя істоты.
Аўтар спачатку забаўляўся зь імі ў інтэрнэце ў сваім “Жывым дзёньніку”. Але празь нейкі час падумаў, што варта было б зрабіць з гэтага дзіцячую старонку ў газэце “Наша Ніва”. І не памыліўся.
“Выявілася, што вельмі дзеці ўпадабалі гэтую старонку. Так што можна сказаць, што мы цэлую новую ўзроставую групу для сябе адкрылі з дапамогай гэтай газэткі дзеткам у дарослай газэце”.
Сваіх плястылінавых герояў Алесь Кудрыцкі фатаграфуе і піша ад іхнага імя вершаваныя і празаічныя маналёгі. Так нарадзілася кніга “Прыгоды капітана Танакі”. Яна выгадна адрозьніваецца ад іншых кніжак для дзяцей сучасным урбанізаваным сьветам, у якім жывуць героі, а таксама тым, што прапануе кожнаму чытачу самому паспрабаваць іх вылепіць з плястыліну. Дарэчы, на будучых прэзэнтацыях аўтар абяцае ладзіць майстар-клясы свайго мастацтва. Так што прыходзіць на іх варта будзе з плястылінам.
На апошняй старонцы кнігі напісана: “Да новых сустрэчаў!” Яны будуць, — абяцае спадар Кудрыцкі.
“У мяне матэрыялаў ёсьць яшчэ на дзьве кніжкі. Так што можна будзе выдаваць яшчэ кнігі, калі гэтая будзе запатрабаваная. “Капітана Танаку” будзе працягваць друкаваць і “Наша Ніва”. А на маім сайце www.tanaka.by можна пабачыць і мультфільмы пра капітана Танаку.