Грамадзкі рэдактар Свабоды гэтага тыдня – адзін зь лідэраў беларускіх “зялёных”, кіраўнік грамадзянскай ініцыятывы "TERRA-Канвенцыя" Валер Дранчук. Сёньня спадар Валер дзеліцца сваімі развагамі пра блізкі краявід, ягоны стан і магчымасьці абароны ад маразму і запусьценьня.
Каму бараніць? Ад чаго бараніць? Як і што бараніць? – менавіта да гэтых пытаньняў і адказаў на іх падштурхоўвае наша тыднёвая гутарка. Мой прагноз на будучыню, на год 2009, на жаль, несуцяшальны ў тым сэнсе, што падставаў для грамадзкай напругі, для новых алярмаў будзе ня менш, а больш і больш.
Мы ня ўсё з’елі, ня ўсё скарысталі, ня ўсё пабудавалі. Апэтыты спажыўца яшчэ толькі разгараюцца. Дый будзем памятаць, што сёньня ці не самы дзейны і рэальны захопнік нашых прыродных асяродкаў, наогул той нябачны інтэрвэнт, які дыктуе часам ня лепшыя ўмовы цывілізацыі ўва ўсім сьвеце, – гэта нарошчаныя фінансавыя запасы, так бы мовіць, “лішнія” грошы. Беларусь не выключэньне.
Леташні прыклад хімічнай атакі на Беларусь з боку расейскай кампаніі “Августбел”, на мой погляд, досыць тыповы. Гэта сыгнал.
Мая несуцяшальнасьць і ў тым, што беларускія экалягісты, зялёныя актывісты пакуль няздольныя адсочваць наступальны рух карпарацый, кампаній, фондаў зь іх фінансавымі магчымасьцямі, каб у выпадку экалягічнай пагрозы супрацьстаяць дэградацыі прыроднага асяродзьдзя і своечасова ўплываць на тыя ці іншыя сумнеўныя рашэньні.
Аднак магчымасьці – супрацьстаяць і ўплываць – застаюцца і ў руках грамадзкасьці. Трэба як мага структуравацца, ініцыяваць экалягічныя групы, клюбы па інтарэсах, найперш сацыяльнага кірунку, і найперш – у райцэнтрах, ціхіх мястэчках, населеных пунктах нацыянальных паркаў, прыродаахоўных зон. Каб жыхары празь іх цікавіліся жыцьцём, атрымлівалі неабходную інфармацыю і маглі кантраляваць працэсы, асабліва што да будаўніцтва – ці то новых заводаў, ці то руднікоў у пойме Нёмана, ці то інвэстараў, канцэсій і гэтак далей.
Добрай падставай для абароны краявідаў становіцца разьвіцьцё экалягічнага і сельскага турызму. На сьметніках, на пнёвых краявідах, на перасохлых паплавах з сылюэтамі АЭС гэтую сфэру ня зрушыш. Чым больш цікавасьці ў людзей да прыроды, нашых аселіц, тым менш абыякавасьці і запусьценьня. Гэты рэсурс дае нам выдатны шанец і яго трэба як мага скарыстаць!
Колас калісьці напісаў пра Беларусь, пра наш краявід: “Ты маеш выгляды прарока...” Дык вось, я дазволю сабе ісьці за Коласам, за нашым песьняром. Выгляды прарока я разумею як вялікую нацыянальную ідэю, нашу нацыянальную мрою. І гэтай ідэяй, гэтай векавой марай у рэшце стане наш родны блізкі краявід у незалежнай і сапраўды квітнеючай Беларусі.
Сэрыя “Блізкі краявід”. Нёман за Мікалаўшчынай. Стаўпеччына.
ЭКАЛЯГІЧНЫ КАЛЯНДАР:
ВЫБЕРЫ КОЖНЫ СВАЁ -- ДАПАМАЖЫ ПРЫРОДЗЕ І БЛІЗКАМУ КРАЯВІДУ!
2 лютага -- Усясьветны дзень водна-балотных угодзьдзяў
22 сакавіка -- Усясьветны дзень водных рэсурсаў
23 сакавіка -- Усясьветны метэаралягічны дзень
30 сакавіка -- Дзень абароны Зямлі
1 красавіка -- Міжнародны дзень птушак
1 красавіка -- Дзень геоляга
7 красавіка -- Усясьветны дзень здароўя
22 красавіка -- Дзень Зямлі
26 красавіка -- Дзень памяці загіблых у радыяцыйных аварыях і
катастрофах
22 траўня -- Міжнародны дзень біялягічнай разнастайнасьці
31 траўня -- Усясьветны дзень без тытуню
5 чэрвеня -- Усясьветны дзень навакольнага асяродзьдзя
8 чэрвеня -- Дзень абароны акіянаў
17 чэрвеня -- Усясьветны дзень барацьбы з апустэльваньнем і
засухай
6 жніўня -- Усясьветны дзень дзеяньняў за забарону ядзернай
зброі
16 верасьня -- Міжнародны дзень аховы азонавага слою
27 верасьня -- Міжнародны дзень турызму
28 верасьня -- Усясьветны дзень мора
4 кастрычніка -- Усясьветны дзень жывёлаў
10 кастрычніка -- Міжнародны дзень па зьмяншэньні небясьпекі
стыхійных бедстваў