Грамадзкі рэдактар Свабоды гэтага тыдня – адзін зь лідэраў беларускіх “зялёных”, кіраўнік грамадзянскай ініцыятывы "TERRA-Канвенцыя" Валер Дранчук. Сёньня спадар Валер дзеліцца сваімі развагамі пра магчымае будаўніцтва беларускай атамнай электрастанцыі.
– Нашай тэмай, тэмай блізкага краявіду, бадай, немагчыма абмінуць будаўніцтва атамнай электрастанцыі. І хоць будучая пляцоўка яшчэ канчаткова ня вызначаная, як і сама ідэя не выглядае пакуль на праўдападобную, бо калі б адно і другое было сёньня цалкам рэальнае, пэўна, я асабіста знаходзіўся б у стане перакуленай рэчаіснасьці – аднак і цяперашні стан пасьля многіх заяваў і прадпрыманых дзеяньняў у напрамку АЭС таксама засмучае, напружвае сумленьне і не дае супакоіцца.
Рашэньне аб злачыннай бязглуздасьці ўлады асабліва шакуе, калі геалягічная выведка перакінулася на астравецкія раўніны. І не таму, што тое ці іншае мейсца можа быць больш або менш дарэчы для такой будоўлі, – мейсца не павінна быць наогул! – а таму, што ў гэтым канкрэтным выпадку вельмі выразным бачыцца як бы ўся апакаліптычная вонкавасьць, жудасны спод наступстваў. Недалёка возера Нарач, нацыянальны парк, разнастайныя маляўнічыя краявіды, эталённыя тэрыторыі – што зь імі будзе, калі?..
Бачыце, ёсьць прарокі ў нашай Айчыне! Аднаго зь іх я ведаю дакладна – Алесь Адамовіч. Ягоная апошняя кніга “Імя гэтай зорцы палын”, сабраная дачкой Натальляй, наскрозь, да горычы прасякнутая прарочай трывогай і перасьцярогай ад “мірнага” атаму. Пісьменьнік згадвае эпізод выпрабаваньня ядзернага прыстасаваньня і словы аднаго з удзельнікаў. Той, калі ўбачыў атамны грыб, сказаў: “Цяпер усе мы – нягоднікі!”
Калі Беларусь дапусьціць АЭС, тое ж самае можна будзе сказаць і пра ўсіх нас, сёньняшніх, пра беларускае грамадства ў цэлым – што мы ня толькі нягоднікі, а нават двойчы нягоднікі, бо на сабе перажылі чарнобыльскую трагедыю і нясём, і доўга павінны несьці асаблівую адказнасьць перад сабой і чалавецтвам – адказнасьць пацярпелых ад катастрофы.
Наадварот жа – Беларусь можа стаць лідэрам ва ўсясьветным сьпісе “зялёных”, калі перадумае і адмовіцца ад будаўніцтва АЭС. Гэта будзе самы годны шлях, абраны пасьля Чарнобылю. Мы яго перакрэсьлім – і гэты шлях, і гэтую перспэктыву – калі возьмемся, насуперак адказнасьці і спачуваньню тым, хто пацярпеў, будаваць сваю атамную электрастанцыю. Так бы мовіць, выбачайце, зь вяроўкай павешанага ў хаце.
Сэрыя “Блізкі краявід”. Сьвятая крыніца на беразе ракі Віліі ў ваколіцах вёскі Дубок, Астравецкі раён.
ЭКАЛЯГІЧНЫ КАЛЯНДАР:
ВЫБЯРЫ КОЖНЫ СВАЁ -- ДАПАМАЖЫ ПРЫРОДЗЕ І БЛІЗКАМУ КРАЯВІДУ!
2 лютага -- Усясьветны дзень водна-балотных угодзьдзяў
22 сакавіка -- Усясьветны дзень водных рэсурсаў
23 сакавіка -- Усясьветны метэаралягічны дзень
30 сакавіка -- Дзень абароны Зямлі
1 красавіка -- Міжнародны дзень птушак
1 красавіка -- Дзень геолага
7 красавіка -- Усясьветны дзень здароўя
22 красавіка -- Дзень Зямлі
26 красавіка -- Дзень памяці загіблых у радыяцыйных аварыях і
катастрофах
22 траўня -- Міжнародны дзень біялягічнай разнастайнасьці
31 траўня -- Усясьветны дзень без тытуню
5 чэрвеня -- Усясьветны дзень навакольнага асяродзьдзя
8 чэрвеня -- Дзень абароны акіянаў
17 чэрвеня -- Усясьветны дзень барацьбы з апустэльваньнем і
засухай
6 жніўня -- Усясьветны дзень дзеяньняў за забарону ядзернай
зброі
16 верасьня -- Міжнародны дзень аховы азонавага слою
27 верасьня -- Міжнародны дзень турызму
28 верасьня -- Усясьветны дзень мора
4 кастрычніка -- Усясьветны дзень жывёлаў
10 кастрычніка -- Міжнародны дзень па зьмяншэньні небясьпекі
стыхійных бедстваў