Мілінкевіч зьбіраецца ў прэзыдэнты

Аляксандар Мілінкевіч

Кіраўнік “Руху “За свабоду” Аляксандар Мілінкевіч зьбіраецца ўдзельнічаць у новых прэзыдэнцкіх выбарах. Пра гэта ён заявіў сёньня на сваёй прэсавай канфэрэнцыі. /img/icon-video.gif
Аляксандар Мілінкевіч, які балятаваўся на выбарах прэзыдэнта Беларусі ў 2006 годзе, зьбіраецца зноў выставіць сваю кандыдатуру на наступных выбарах:

“Сам я зьбіраюся пайсьці на гэтыя выбары. Але шчыра скажу яшчэ раз: калі ўбачу, што ёсьць лепшы чалавек, які мае больш шанцаў, якога падтрымлівае больш шырокае кола людзей, — стану побач і буду працаваць на яго. І выканаю гэтыя свае словы”.

Спадар Мілінкевіч лічыць, што дэмакратычныя сілы павінны быць прадстаўленыя адзіным кандыдатам. Але зрабіць гэта, на яго думку, будзе надзвычай цяжка, бо цяпер сярод дэмакратаў няма адзінай думкі, паводле якіх крытэраў вызначаць такога прэтэндэнта.

Спадар Мілінкевіч выказаў думку, што на новых прэзыдэнцкіх выбарах будзе своеасаблівы трохкутнік: прадстаўнік дэмакратычных сілаў, кандыдат ад намэнклятуры і прэтэндэнт, якога будзе падтрымліваць Расея. Прычым Аляксандар Мілінкевіч мяркуе, што цяперашняга кіраўніка Беларусі Масква на наступных выбарах падтрымліваць ня будзе.

“Я шчыра скажу, што ня ведаю прозьвішча чалавека, які будзе падтрымлівацца ўсходнім суседам. Але я ўпэўнены, што Расея будзе адыгрываць значную ролю ў гэтых выбарах. Нават больш значную, чым у 2001 і 2006 гадах. І, хутчэй за ўсё, на выбарах магчымы трохкутнік, хаця прэтэндэнтаў можа быць ня 3, а 20. Дай Божа, каб быў адзіны дэмакратычны кандыдат, прабеларускі, пранезалежніцкі і праэўрапейскі (для мяне гэта абавязкова). Будзе, напэўна, чалавек ад намэнклятуры (можа, гэта Аляксандар Лукашэнка, а можа, нехта іншы), і я ўпэўнены, што будзе чалавек, які будзе прадстаўляць інтарэсы Расеі”.

Віктар Карняенка
Віктар Карняенка, намесьнік Аляксандра Мілінкевіча, сёньня заявіў, што рух “За свабоду” хоча прыцягнуць да вывучэньня сытуацыі ў Беларусі “разумных, дасьведчаных спэцыялістаў з крыху іншым сьветапоглядам, чым у дзяржаўных чыноўнікаў”. Ён сказаў, што шэраг навукоўцаў з эўрапейскіх краінаў ужо пагадзіліся на такое супрацоўніцтва.