Грамадзкі рэдактар Свабоды гэта тыдня – адзін зь лідэраў беларускіх “зялёных”, кіраўнік грамадзянскай ініцыятывы "TERRA-Канвенцыя" Валер Дранчук.
У родным блізкім краявідзе на Стаўпеччыне ён штогод зьбірае дзіцячыя экалягічныя пленэры “Маляўнічая Бацькаўшчына”, з такой жа назвай ажыцьцяўляе каляндарную мастацкую сэрыю. На гэты год выйшаў каляндар “Крыніцы застаюцца. Сьвятая вада Беларусі”. Штораніцы ў нашым эфіры будуць гучаць развагі Валера Дранчука пра блізкі краявід, яго стан і магчымасьці абароны ад маразму і запусьценьня.
– Блізкі краявід – гэта значыць тое, што ў цябе за парогам, недзе побач, куды, як нярэдка кажам, ня трэба хадзіць далёка. Поле і лес, рэчка ці азярына, гай альбо ўрочышча, утравелы пагорак, забалочаная лагчына. Нават адно ўкаранёнае дрэва на гарадзкім падворку – тое, што відаць з вакна ці балькона, можа трымаць твой блізкі краявід. Ня стане гэтага дрэва – і малюнак двара ўразіць паныласьцю і пустэчай.
Я пажыў не адзін дзясятак гадоў і магу пасьведчыць, што мой блізкі краявід, за які па-ранейшаму маю ваколіцы мейсца, дзе нарадзіўся, брыдчэе, агаляецца з году ў год.
Калі крыху ўтрыраваць, там, дзе было густа, стала пуста. Альбо штосьці істотна перамянілася ў горшы бок. Я ўжо не бяру так званую мэліярацыю, драму дзяцінства, якую перажыў у 60-я гады. І без таго навакольная зямная прырода шмат дзе саступіла глыбокім кар’ерам, сьметнішчам, фэрмам і комплексам, шэрым панэльным навабудам на карысьць бяздумнай і часам шкоднай вытворчасьці.
Гадоў дваццаць як высахла дзівоснае лясное возера. Лес: падае сьцяна за сьцяной, бо рэжуць суцэльным франтальным чынам. На колішніх барсуковых сьцяжынках сьлед тралёвачнага ўсюдыхода – быццам на танкадроме. Не затрымліваецца тут і нага грыбніка, аматара суніц ці маліны, як зьдзек – на полі, прылеглым да самага ўскрайку, вырылі на гектар сьмецьцезвалку. Запусьценьне і апустэльваньне блізкага краявіду ідзе неўзаметку, але паступова, з нахабствам і перавагай цынічнай экспансіі. Прырода церпіць, калі зь яе эканомяць або зь яе нажываюцца.
Тым часам блізкія краявіды складваюцца ў адно вялікае цэлае – і гэта ўжо наша Радзіма, наша сьвятая зямля, наша Бацькаўшчына-Беларусь.
І я пытаюся: каму гэта ўсё ратаваць, каб не давесьці мясцовы блізкі краявід да маразматычнае рыскі, поўнага зьнясіленьня і ўпадку? Каму належаць гэтыя ваколіцы, хто да іх вялікую ласку мае, каб заступіцца?.. Яшчэ пагаворым!
“Блізкі краявід, яго стан і магчымасьці абароны ад маразму і запусьценьня” – такую тэму абраў грамадзкі рэдактар гэтага тыдня Валер Дранчук. Вы можаце паглядзець таксама фатаздымак Валера з аднайменнай сэрыі. “Вока продка”.