Курапацкая справа: дэдлайн у нядзелю, а яснасьці няма

Акт вандалізму ў Курапатах<br/>

Ва ўправе міліцыі Менскага раёну працягваюць расьсьледаваць справу супраць вандалаў, якія летась зламалі некалькі крыжоў у Курапатах.

Паводле закону, да 11-га студзеня сьледчыя мусяць вырашыць, што рабіць з крымінальнай справай паводле факту вандалізму ў Курапатах. Наперадзе ўсяго два дні, адзін зь якіх выходны. Магчыма, рашэньне ўжо прынятае?

Затрыманыя ў Курапатах маладзёны
У другой палове дня 9-га студзеня кіраўнік сьледчага аддзелу менскай раённай управы міліцыі Дзьмітры Сяргеня паведаміў “Свабодзе”, што заўтра, 10-га студзеня, пройдзе адмысловая нарада, на якой будзе вырашаны лёс курапацкай справы. Нібыта пэўнасьці у тым, як ставіцца да падзеяў 1-га лістапада ў Курапатах, у сьледчых дагэтуль няма.

“Там вельмі шмат розных несастыковак. Не таму, што нехта ня хоча гэта расьсьледаваць — ужо час ня той, што можа быць такая прычына. Проста шмат несастыковак і трэба ўсё абмеркаваць, у тым ліку з пракуратурай. Таму застаюцца магчымыя тры варыянты: накіраваньне справы ў суд, працяг расьсьледаваньня й спыненьне расьсьледаваньня”.

Падрабязнасьцяў справы сьледчыя па-ранейшаму не паведамляюць, спасылаючыся на таямніцу сьледзтва. У тым ліку не называюць прозьвішчы падазраваных. Актывіст КХП БНФ спадар Алег, які затрымліваў маладзёнаў, а пасьля паехаў у міліцыю як сьведка, казаў раней, што нібыта аднаго з вандалаў завуць Уладзімер Шышла.

Валеры Буйвал
Нагадаем, актывісты Кансэрватыўна-Хрысьціянскай партыі БНФ затрымалі ўвечары 1-га лістапада двух маладых людзей, якія павалілі некалькі крыжоў у Курапатах. На месца здарэньня была выклікана міліцыя. Прэсавы сакратар КХП-БНФ Валер Буйвал мяркуе, што у гэтай правакацыі ўдзельнічала значна болей людзей. Спадар Буйвал згадвае, як праз 20 хвілінаў пасьля затрыманьня вандалаў ён прыехаў у Курапаты.

“І я убачыў там ня толькі гэтых двух затрыманых маладзёнаў і нашых двух актывістаў, а таксама недзе зь дзясятак спартовага выгляду высокіх мужчын, не юнацкага ўзросту.
Там адбывалася нейкая маштабная акцыя, а гэтых вось маладзёнаў, выканаўцаў, проста выштурхнулі наперад
Што яны там рабілі? Як там аказаліся? Стаялі яны невялікімі групкамі непадалёк ад месца здарэньня. Мне стала зразумела, што там адбывалася нейкая маштабная акцыя, а гэтых вось маладзёнаў, выканаўцаў, проста выштурхнулі наперад”.

Паводле Валера Буйвала за час сьледзтва быў праведзены сьледчы экспэрымэнт, а таксама дапытаныя сьведкі — актывісты КХП БНФ, якія затрымлівалі вандалаў. Са сьведак была ўзятая падпіска пра неразгалошаньне тайны сьледзтва. Пра іншыя сьледчыя дзеяньні актывісту невядома.

Юры Беленькі
Што адбываецца зараз ў Курапатах? Выканаўца абавязкаў старшыні КХП-БНФ Юрась Беленькі паведаміў, што падчас калядна-навагодніх сьвятаў у Курапатах працягвалася дзяжурства актывістаў, інцыдэнтаў не было.

“Выключна праца вядзецца па назіраньні й па прыборцы тэрыторыі. Бывае буралом, ці лесьнікі могуць пакінуць галінкі, калі сьпілоўваюць дрэвы. Вось такая праца звычайна вядзецца зімой”.

Вынікі нарады адносна лёсу справы пра Курапаты стануць вядомыя 12-га студзеня, паведамілі ў менскай раённай міліцыі.